Брытанская выведка: Пашкоджанне самалёта ў Мачулішчах істотна абмяжуе паветраныя аперацыі Расеі


У справаздачы вайсковай выведкі абароннага ведамства Вялікай Брытаніі са спасылкаю на «ByPol» паведамляюць пра пашкоджанне расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах.

Самалёт A-50 (Mainstay). Крыніца: airforce-technology.com

У ведамстве пашкоджанняў самалёта пакуль не пацвердзілі, але імаверную страту A-50 назвалі сур’ёзнаю для расейскага войска, бо самалёт мае вызначальнае значэнне для паветраных аперацыяў.

«ByPol» паведаміў пра два выбухі ды пашкоджанні пярэдняй і сярэдняй частак А-50. Гэта расейская бартавая платформа далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання. Яе роля заключаецца ў выведцы карціны поля бою і забеспячэнне каардынацыі з суседнімі знішчальнікамі», – паведамілі ў брытанскай выведцы.

Паводле выведкі, у расейскай арміі застаюцца толькі шэсць баявых А-50, што яшчэ больш абмяжуе расейскія паветраныя аперацыі.

Да гэтага моманту ні ўлады Беларусі, ні дзяржаўныя СМІ ніяк не пракаментавалі выбухаў на аэрадроме ў Мачулішчах. Аднак заўважаны ўзмоцнены кантроль на беларускіх межах пры выездзе з краіны, сілавікі цікавяцца ўладальнікамі дронаў і шукаюць падазраваных.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў