На егіпецкім курорце Таба на Чырвоным моры раніцай у пятніцу 27 кастрычніка выбухнула ракета, паведамляе егіпецкае выданне «Al Qahera News».
Ракета трапіла ў медычную ўстанову ў Табе. У выніку былі параненыя прынамсі 6 асобаў.
Курортны горад Таба стаіць на ўзбярэжжы Чырвонага мора на мяжы Егіпту з Ізраілем, недалёка ад ізраільскага гораду Эйлат і прыкладна за 220 км ад сектару Газа.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што ім вядома пра інцыдэнт.
«Хамас» заяўляў у сераду 25 кастрычніка, што запускаў ракету ў бок Эйлату, але яна ў выніку паразіла суседні раён, піша «Reuters». Выглядае, што гэты інцыдэнт стаў найбольш далёкай атакай «Хамасу» на Ізраіль у вайне, што ідзе з 7 кастрычніка. За выбух у Табе «Хамас» на сябе адказнасць пакуль не ўзяў. «Al Qahera News» са спасылкай на ізраільскія СМІ піша, што і гэтым разам ракета была накіраваная на Эйлат, аднак памылкова выбухнула ў Табе.
22 кастрычніка некалькі егіпецкіх памежнікаў атрымалі раненні ў выніку выпадковага трапляння асколкаў снараду ізраільскага танку. Ізраіль папрасіў прабачэння за інцыдэнт.
Егіпет узяў на сябе актыўную ролю ў перамовах наконт доступу дапамогі для палестынцаў, вызвалення закладнікаў, якіх утрымлівае «Хамас», і спынення агню.
7 кастрычніка 2023 года «Хамас» здзейсніў найбуйнейшую за апошнія гады атаку на Ізраіль. Ваенныя дзеянні працягваюцца дагэтуль. 24 кастрычніка Ізраіль трапіў пад масавы абстрэл ракетамі з боку сектару Газа. Колькасць забітых ізраільцянаў перавышае 1400 асобаў, параненых – больш за 3500.
Падкантрольнае «Хамасу» Міністэрства аховы здароўя Газы апублікавала спіс 6000 загінулых з пачатку атакі палестынцаў. Незалежнага пацверджання гэтых лічбаў няма, піша ВВС.
Марыя Міхалевіч belsat.eu