На прэс-канферэнцыі, якая прайшла 27 верасня, Станіслаў Жарын, прэс-сакратар міністра – каардынатара спецыяльных службаў Польшчы, агучыў інфармацыю пра дзіўныя таблеткі, якія мігранты атрымліваюць ад беларускіх сілавікоў, каб «перажыць» нелегальны пераход праз мяжу з Польшчай.
Паводле яго, польскія ўлады атрымалі такія звесткі ад калегаў з Літвы.
«Там беларусы далі метадон адной з гэтых груп [мігрантаў]», – сказаў Станіслаў Жарын.
Калі мігрантам давалі невядомыя рэчывы, ім тлумачылі, што гэта «дапаможа вытрымаць пераход мяжы».
Словы прэс-сакратара дапоўніў кіраўнік МУС Мар’юш Каміньскі:
«Вельмі дакладную інфармацыю мы атрымалі ад літоўскіх службаў. Гэтая сітуацыя адбылася 22 ліпеня непадалёк ад Друскінінкаю, дзе літоўскія памежнікі арыштавалі групу з 15 грамадзянаў Іраку і Расейскай Федэрацыі чачэнскага паходжання. У гэтай групе было двое дзяцей ва ўзросце 6 і 1,5 года».
Пасля затрымання бацькі паведамілі літоўскім памежнікам, што не могуць абудзіць дзяцей і папрасілі аб дапамозе. Апісваючы абставіны, яны сказалі, што адзін з беларускіх памежнікаў, які суправаджаў іх да мяжы, даў ім дзве таблеткі для дзяцей, каб яны «не плакалі пры пераходзе мяжы», – распавёў Мар’юш Каміньскі.
Дзяцей своечасова шпіталізавалі і выратавалі.
Таксама кіраўнік польскага МУС заявіў, што падасць заяўку на падаўжэнне надзвычайнага становішча ў краіне, абгрунтаваўшы гэты крок напружанай сітуацыяй на польска-беларускай мяжы з-за міграцыйнага крызісу, якому спрыяе рэжым Лукашэнкі.
АД, belsat.eu