У Мінабароны Польшчы паказалі, як будзе выглядаць «Усходні шчыт» на мяжы з Беларуссю


У Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы ў панядзелак, 27 траўня, прадэманстравалі, як будуць выглядаць умацаванні на мяжы з Беларуссю, узведзеныя ў рамках рэалізацыі плана нацыянальнай абароны і стрымлівання «Усходні шчыт». У ведамстве яго назвалі «гіганцкім праектам» і паабяцалі задзейнічаць апроч традыцыйных умацаванняў і новыя тэхналогіі.

Фота: x.com/MON_GOV_PL

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзарый Томчык паведаміў, што першыя фінансавыя інвестыцыі ў развіццё абарончай інфраструктуры на мяжы плануюць выдзеліць у першым квартале 2025 года, і назваў гэты праект прыярытэтным для польскага ўрада.

Судзячы па наглядных матэрыялах, прадстаўленым Міністэрствам нацыянальнай абароны Польшчы, новыя ўмацаванні плануецца ўзвесці толькі на некаторых участках усходняй мяжы. Паводле фотаздымкаў, апублікаваных польскім парталам Onet, на некаторых участках мяркуецца размяшчэнне мінных палёў, фізічных бар’ераў па тыпе бетонных супрацьтанкавых «вожыкаў» і ліній абароны з бетоннымі блокамі.

Фота: Міністэрства абароны Польшчы

Паводле слоў начальніка Генеральнага штабу польскага войска Веслава Кукулы, асноўнай мэтай «Усходняга шчыта» зʼяўляецца «стрымліванне», а таксама «падрыхтоўка да абароны межаў». Генерал прадставіў чатыры так званыя напрамкі работы ў рамках гэтага плана:

  • узмацненне магчымасцяў процідзеяння раптоўным нападам;
  • абмежаванне руху суперніка;
  • забеспячэнне мабільнасці ўласных войскаў;
  • павышэнне ваеннай бяспекі і абарона грамадзянскага насельніцтва.

«Гэта не будзе лінія Мажына. У нас была зусім іншая філасофія», – растлумачыў генерал Кукула. Паводле яго слоў, у выпадку ваеннага канфлікту «Усходні шчыт» павінен дапамагчы «распазнаць, запаволіць і выбудаваць зоны нападу такім чынам, каб эфектыўна знішчыць праціўніка да мяжы з Польшчай».

Раней, 22 траўня, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш прадставіў у Сейме справаздачу аб стане бяспекі краіны, у тым ліку расказаў падрабязней аб плане нацыянальнай абароны і стрымліванні пад назвай «Усходні шчыт». Ён выказаў гатоўнасць павялічыць «ваенную прысутнасць» на мяжы з Беларуссю і выдзеліць на гэтыя мэты дадатковае фінансаванне.

Hавiны
Польшча закупляе амерыканскія радарныя сістэмы для маніторынгу мяжы
2024.05.23 08:09

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў