25 сакавіка расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін паведаміў, што 1 ліпеня Расея завершыць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым кантроль над гэтай зброяй застанецца ў руках Расеі. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з экспертамі, чым гэта пагражае беларусам і як наагул грамадзяне краіны ставяцца да гэткага падарунку РФ да Дня Волі.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэй, адзначыў: паводле сацыялагічнага даследавання «Chatham House» за 2022 год, падтрыманне ідэі размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі невялікае і максімум складае каля 20 %. Станоўча ставяцца 8–9 % і яшчэ каля 10 % – хутчэй станоўча.
«Мы бачым, што гэтая ідэя непапулярная нават сярод прыхільнікаў улады. Фактычна гэта адзін з пунктаў разам з ідэяй неўвядзення войскаў Беларусі ў вайну, адносна якога ёсць больш-менш кансэнсус у беларускім грамадстве», – заявіў эксперт.
Пры гэтым Коршунаў не бачыць падставаў, каб лічбы падтрымання размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі маглі вырасці. Тэарэтычна пад уздзеяннем прапаганды папулярнасць гэтай ідэі можа вырасці на некалькі адсоткаў, але «з іншага боку яна цалкам супраць нават праўладнага наратыву пра тое, што ў Беларусі няма вайны». Таму, мяркуе сацыёлаг, «хутчэй за ўсё, гэты фактар адыграе ў адмоўную дынаміку».
Генадзь Коршунаў адзначыў, што пакуль таксама не ясна, як гэтую ідэю будуць прасоўваць рэжымныя медыі і ці наагул будуць гэтым займацца. Суразмоўца адзначыў, што пасля заявы Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка сам Аляксандр Лукашэнка на гэты конт пакуль нічога не казаў, хоць, напрыклад, 27 сакавіка праводзіў нараду з чыноўнікамі і мог выказацца.
«Пакуль мы маем заявы шэрагу беларускіх прапагандыстаў – і ўсё. Ніякая афіцыйная асоба ад уладаў Беларусі заявы расейцаў не пракаментавала. З гэтай нагоды можна падумаць, што для іх заява была таксама крыху знянацку», – падкрэсліў сацыёлаг.
Пра тое, што ў Менску не чакалі «такога падарунку Пуціна беларускаму народу» на Дзень Волі згодны і Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі. На ягоную думку, Лукашэнка, кажучы раней пра магчымасць размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі, «сам не разумеў, што гэта такое».
«Яму хацелася выкарыстаць нейкі козыр. А цяпер, калі даходзіць да справы, калі ён разумее, што ў Крамля няма ніякіх чырвоных лініяў, няма нічога, што можа яго спыніць, самому Лукашэнку ўжо трошкі страшна за тое, што ён справакаваў. Таму ён маўчыць і спрабуе прыдумаць, як падаць свайму «народцу», каб гэта было адэкватна ўспрынята», – адзначыў Сахашчык.
Пагатоў усё кіраванне ядравай зброяй застанецца ў руках расейцаў, а «беларусаў не пусцяць нават блізка, і ад іх нічога не будзе залежаць». Аднак, падкрэсліў прадстаўнік АПК, менавіта Лукашэнка нясе адказнасць за гэтае размяшчэнне, бо без ягонай згоды гэта было б немагчыма зрабіць, але «далей усё будзе ісці па-за ягонай воляй».
На думку Валера Сахашчыка, размяшчэнне ядравай зброі РФ у Беларусі паказвае, што ў Лукашэнкі больш не застаецца саломінак, за якія ён мог бы ўчапіцца для кантакту з Захадам, бо цяпер «ніхто не будзе з ім размаўляць абсалютна».
Старэйшы навуковы працаўнік Фінскага інстытут міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў адзначыў, што заява Пуціна ўсё больш уцягвае Беларусь у расейскую вайну супраць Захаду, робіць яе «інструментам у руках Масквы і часткай расейскай геапалітычнай авантуры».
«Нельга больш казаць, што нехта можа дамовіцца з Лукашэнкам за спінай Пуцінай. Гэты тандэм будзе ісці да канца. І адарваць Лукашэнку ад Пуціна не будзе ніякай магчымасці», – мяркуе палітолаг.
Пры гэтым і Сахашчык, і Ніжнікаў упэўненыя: Пуцін прыступае да размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі, каб запужаць Захад і дамовіцца з ім «за спінай Украіны». Але, падкрэсліў Ніжнікаў, Захад пакуль не пужаецца.
Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях, падкрэсліў, што заява Пуціна спрыяе таму, каб Беларусь ізноў была на парадку дня, і «дае магчымасць нам прыцягнуць Брусель, Вашынгтон да больш рашучых дзеянняў».
«Я думаю, што наіўнасці ў Вашынгтоне і Бруселі ўжо няма. Ніякіх здзелак, перамоваў з рэжымам ніхто весці не збіраецца. Лукашэнка сам загнаў сябе ў гэты кут, і выручаць яго ніхто не плануе», – заявіў Вячорка.
Франак выказаў спадзеў, што рэакцыя краінаў Захаду будзе ў найбліжэйшыя тыдні, хаця б у выглядзе новага пакету санкцыяў і без выключэнняў для калійнага сектару.
«Раней Беларуссю займаліся тыя, хто займаецца правамі чалавека, Усходняй Еўропай. Цяпер, калі размова пра ядравую зброю, – гэта тэма ўжо для Рады бяспекі, для Генасамблеі ААН. І тут ніхто сквапіцца на нейкія захады не будзе, не абмяжуецца проста тўітамі і заявамі», – мяркуе дарадца Ціханоўскай.
Тым не менш, прадстаўнік АПК Сахашчык адзначыў: Захад яшчэ не да канца разумее, што размаўляць з вар’ятамі «не трэба паводле стандартаў нармальнага цывілізаванага чалавека». Што «дамаўляцца з такімі людзьмі немажліва, бо яны ніколі не выконваюць сваіх абяцанняў, дамоваў».
Палітолаг Рыгор Ніжнікаў мяркуе, што ў выпадку, калі Пуцін усё ж нанясе ядравы ўдар з тэрыторыі Беларусі, нашая краіна можа стаць цэллю для ўдару ў адказ:
«Паляціць у першую чаргу па аб’ектах, дзе размешчаная ядравая зброя, па стратэгічных вайсковых аб’ектах».
Ядравая зброя – гэта пагроза для кожнага беларуса, заявіў Валер Сахашчык. І дадаў, што сам Лукашэнка са сваёй сям’ёй можа і не пацярпець, бо, у адрозненне ад іншых беларусаў, мае магчымасці пакінуць тэрыторыю краіны:
«Але я думаю, што ў нейкай крызіснай сітуацыі Лукашэнка са сваёй сям’ёю паспее выкарыстаць борт № 1 і паляцець у нейкае ўмоўнае Зімбабвэ».
Сахашчык адзначыў, што людзі, якія кіруюць Саветам бяспекі, Генеральным штабам, Міністэрствам абароны, «абавязаныя думаць пра бяспеку Радзімы» і нясуць асабістую адказнасць за размяшчэнне ядравай зброі. Пры гэтым ён спадзяецца, што хаця б цяпер яны зробяць нейкі крок, каб абараніць Беларусь:
«Надзея слабая, што падумаюць цяпер, але да гэтай пары небяспека магла быць не такой яўнай».
Аднак, мяркуе Франак Вячорка, «ні ў Лукашэнкі, ні ў людзей вакол яго няма палітычнай волі гэта зрабіць»: ані вывесці расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі, ані нават вызваліць палітычных вязняў.
Валер Сахашчык упэўнены, што размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі прывядзе да моцнага ўздыму нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. У прыватнасці, ён не выключае партызанскіх акцыяў, у тым ліку з удзелам тых, хто раней не наважваўся, але цяпер «зразумее, што далей ужо немагчыма – або загіне ён, ягоная сям’я, усе прыяцелі, або ён нешта зробіць».
У сваю чаргу сацыёлаг Генадзь Коршунаў адзначыў: пакуль адносна ядравай зброі няма нічога акрамя заявы, людзі будуць толькі назіраць за развіццём сітуацыі, бо «часцяком апроч заяваў нічога не адбываецца».
Макар Мыш belsat.eu