Андрэй Ашурак, брат актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які сёлета памёр у Шклоўскай калоніі пры нявызначаных абставінах, быў вымушаны тэрмінова з’ехаць у Польшчу. Пракуратура завяла крымінальную справу за воклічы «Ганьба» пасля агучвання прысуду Вітольду, і надзейныя крыніцы папярэдзілі Андрэя і ягонага сябра Сяргея Пантуса, што іх пасадзяць. «Белсат» паразмаўляў з Андрэем пра пераслед і пераезд.
Андрэй разам з сябрам Сяргеем цяпер разам знаходзяцца на каранціне ў Варшаве. У Польшчу бярозаўцы прыехалі 16 снежня. Днём раней, 15 снежня, стала вядома, што Пракуратура Гарадзенскай вобласці распачала крымінальную справу паводле ч.2 арт.339 КК РБ – «Хуліганства, здзейсненая групай асобаў» – за скандаванне «Ганьба!» і «Верым! Можам! Пераможам!» пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку 18 студзеня. Падазраваныя – усе, хто прысутнічаў на тым паседжанні.
Гэтая справа – ужо другая спроба прыцягнуць прысутных на судзе да адказнасці. Адразу пасля суду гэта спрабаваў зрабіць Следчы камітэт. У той крымінальнай справе падазраваным быў жыхар Бярозаўкі Юрый Дзяшук, усе астатнія – сведкі. Справу тады то прыпынялі, то зноў працягвалі.
– Мы ўсе праходзілі тады фонаскапічную экспертызу – у нас бралі пробы голасу, – прыгадвае Андрэй Ашурак. – Потым выклікалі ў СК у Ліду, знаёмілі з вынікамі экспертызы. Там такі вялікі талмуд быў. І было зазначана, што нашыя галасы немагчыма ідэнтыфікаваць. І нават, што фразы, якія прагучалі, не нясуць у сабе абразаў, прыніжэнняў і ні да чаго не заклікаюць. Справу закрылі ўвосень. А цяпер вырашылі праз пракуратуру караць.
Па новай крымінальнай справе Андрэя выклікаць не паспелі.
– Да нас з Сяргеем давялі інфармацыю, што зноў адкрытая справа, і што дакладна былі названыя прозвішчы, у тым ліку маё, тых людзей, якіх павінны пасадзіць, – распавядае мужчына. – Падставаў не верыць тым, хто сказаў гэта, не было, таму што ад іх інфармацыя заўсёды праўдзівая. І я разумеў, што раз задача пастаўленая там, значыць, яна будзе выкананая. Бо яны ўжо інакш не могуць. Сама прырода сістэмы такая – усіх зжыраць, па коле. Разагналі адных, пасадзілі, бярэмся за наступных, наступных пасадзілі. Калі аслабіць хватку, гэта будзе пачатак канца, таму з кожным вітком рэпрэсіі ўсё больш жорсткія.
Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус параіліся з сем’ямі і вырашылі як мага хутчэй з’язджаць.
– Калі б я жыў адзін, без сям’і, я б, магчыма, застаўся б. Ды і Пантус таксама, – кажа Андрэй. – Але мы глядзелі на свае сем’і. Мне і маці, і жонка сказалі – едзь, лепш пасядзі ў Польшчы, чым будзеш сядзець у камеры з хлёркай. Жонцы ўвогуле дасталася за апошнія паўтары гады, калі гэтыя ў чорных балаклавах, не разуваючыся, тапталіся па нашым доме. Таму яна нават настойвала: едзь, бо калі цябе пасадзяць ці грохнуць, як Вітольда, я не перажыву. Я не мог не з’ехаць.
Андрэй Ашурак заўсёды быў актыўным, ніколі не заставаўся ў баку ад грамадскага жыцця, разам з братам Вітольдам і сябрам Сяргеем Пантусам удзельнічаў у розных ініцыятывах, акцыях. Быў назіральнікам на выбарах у мясцовыя саветы, распаўсюджваў газеты. Але з пераследам з боку дзяржавы шчыльна сутыкнуўся толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году.
– Разы 3-4 праводзілі ператрусы. І без ператрусаў прыязджалі мазгі папаласкаць. Штукі 4 пракурорскіх папярэджанняў маю, – распавядае Андрэй. – Увесну, яшчэ да смерці Вітольда, на працу да мяне прыехалі, забралі, адвезлі ў пракуратуру ў Ліду, у кабінет да пракурора раёну. Вясной гэта было. Той пачаў казаць – ведаю, што ваш брат сядзіць, вынесу вам яшчэ адно папярэджанне аб няўдзеле ў акцыях. І прамым тэкстам: вы, Андрэй Міхайлавіч, атрымаеце напоўніцу, калі мы вас недзе затрымаем. І ў вас будзе ўжо не адміністратыўная адказнасць, а крымінальная.
Найцяжэй гэты ціск перажывалі жонка і маці Андрэя.
– З жонкай мы разам 27 гадоў. Яна за мяне баіцца, – кажа мужчына. – Мы абмяркоўвалі сумесны ад’езд. Аднак удома застаецца мама. Ёй 83 гады. Жонка сказала – я яе адну не пакіну. Малодшы сын, яму 21 год, у сваю чаргу сказаў – тата, я з табой не паеду, бо маму тут адну не пакіну. Мужчынскі ўчынак, малайчына.
Старэйшаму сыну Андрэя Ашурка 25 гадоў, ён працуе праграмістам, жыве з жонкай у Горадні. Думкі пра выезд з Беларусі таксама ёсць, бо, як кажа Андрэй – «прозвішча неўстаўное», і ён разумее, што не знаходзіцца тут у поўнай бяспецы. Аднак будзе глядзець па сітуацыі.
Маці Андрэя дагэтуль моцна перажывае смерць Вітольда, пастаянна ходзіць на могілкі.
– Калі мы сабраліся з’язджаць, я прыехаў да мамы і распавёў усё. Яна на гэта сказала – едзь, хоць ты застанешся, – кажа Андрэй. – Мама яшчэ раней, задоўга да выбараў прасіла адысці ў бок і мяне, і Вітольда, і так і казала: хлопцы, даражэнькія, не лезьце, бо пазабіваюць гэтыя бандыты. Баялася вельмі. Хто мог падумаць, наколькі яна мае рацыю? Нібы прадчувала, яшчэ нават да затрымання Вітольда… На жаль, як у ваду глядзела.
Сябры-бярозаўцы непакоіліся, ці атрымаецца выехаць з Беларусі, ці не ўзнікне праблемаў на мяжы.
– На дзіва ўсё проста атрымалася, – кажа Андрэй. – Напярэдадні мы зайшлі ў базу МУС, каб паглядзець, ці мы выязныя, ці не, бо шмат тых, хто па гэтай справе праходзяць, сталі невыязнымі. А нас з Пантусам у базе не было. Мы нават думалі – а мо, не трэба? Аднак людзі, якія нам паведамілі пра справу, сказалі – не, хлопцы, вам дакладна трэба. Пакуль буксанула бюракратычная машына, і вас няма ў базе, выязджайце.
Пасля каранціну Андрэй з сябрам збіраюцца шукаць жытло, уладкоўвацца на працу – абодва – прафесійныя будаўнікі. Аднак брат Вітольда спадзяецца, што ўсё гэта – ненадоўга, што хутка ў Беларусі адбудуцца змены, і ён зможа вярнуцца дамоў, і яшчэ ўбачыць маці.
– Я не хацеў з’язджаць. Бо ў Бярозаўцы мой дом, – кажа Андрэй. – Калі б, напрыклад, прайшлі выбары, усё нармальна, не было гэтых пратэстаў, гэтай жэсці. Усё паводле закону. Што мне патрэбна? Мне 48 гадоў, я жанаты больш за чвэрць стагоддзя, у мяне дом, сабака, кот, машына, двор, працы, дзеці выраслі. Што мне яшчэ патрэбна? Жыві. А тут я сяджу на каранціне, у сотнях кіламетраў ад дому. Канешне, хочацца дамоў. І мы вернемся ў любым выпадку. Няма мэты застацца тут на ўсё жыццё. Хоць я ўдзячны краіне-суседцы за прытулак. Прынамсі, нам было куды ўцякаць. Але заставацца тут мы не плануем. І я ўпэўнены, што хутка мы будзем удома.
Ганна Ганчар belsat.eu