Авіякампаніі «Iraqi Airways» усё ж удалося вывезці мігрантаў з Беларусі. Беларускі бок раней сцвярджаў, што рэйс не можа прыляцець, бо «еўрапейцы не плацяць», ды еўрапейцы і не мусілі.
Як піша «Iraqi Airways», Міністэрства транспарту Іраку налічыла 608 грамадзянаў, якія вярнуліся з-пад беларуска-польскай мяжы ў ноч з 25 на 26 лістапада, а 18 лістапада вывезлі яшчэ 430 чалавек – агулам эвакуявалі 1038 грамадзянаў Іраку. Адзін самалёт скіраваўся з Менску ў Багдад, яшчэ адзін – з Менску ў Эрбіль, што ў іракскім Курдыстане.
Жывую трансляцыю вяртання мігрантаў вёў тэлеканал «Kurdistan24». Адзін з мігрантаў па вяртанні параўноўваў перажытыя ў Беларусі здзекі з дзеяннямі тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».
Днём 25 лістапада выглядала, што рэйсы скасавалі. Аляксандр Лукашэнка распавядаў, што гэта нібыта звязана з тым, што «еўрапейцы не заплацілі» Іраку. Еўразвяз гэта абвяргаў: Еўразвяз наогул не фінансуе гэтыя рэйсы.
У Беларусі застаюцца тысячы мігрантаў: паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, у Беларусі на пачатак тыдня знаходзіліся каля 15 тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.
Консул Іраку ў Беларусі казаў расейскай прэсе: яшчэ адзін рэйс, аплачаны Міжнароднай арганізацыяй міграцыі, будзе зладжаны праз тыдзень, і вярнуць могуць яшчэ некалькі тысяч чалавек.
АА belsat.eu