З 26 кастрычніка ў грамадскім транспарце Менску зніклі налепкі аб выкананні масачнага рэжыму на фоне чацвертай хвалі каронавіруснай інфекцыі ў краіне. Прэс-сакратар «Менсктрансу» Алена Грамыка пракаментавала такое рашэнне.
«Нашэнне маскі – справа добраахвотная для кожнага з нас. Таму тая інфармацыя, якая была ў нас размешчаная ў рухомым саставе і мела абавязковы характар, знятая», – заявіла прадстаўніца прадпрыемства.
З раніцы жыхары сталіцы заўважылі, што ў грамадскім транспарце адсутнічаюць звычныя налепкі пра неабходнасць нашэння масак. У адказ на гэта беларусы стварылі петыцыю супраць выдалення інфармацыі аб масачным рэжыме. Аўтар петыцыі просіць растлумачыць, чаму такая нядбайнасць чыніцца ў перыяд пандэміі COVID-19.
Масачны рэжым пратрымаўся ў краіне ўсяго 13 дзён і быў адменены пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі, які раскрытыкаваў каранцінныя захады. Аднак сёння Лукашэнка заявіў, што ён «не супраць масак, але іх не ўмеюць правільна насіць».
Пастанова Міністэрства аховы здароўя № 11 ад 20 кастрычніка выключае з санітарных правілаў, уведзеных 9 кастрычніка, пункт 41, які абавязвае людзей насіць маскі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў памяшканнях.
АД, belsat.eu