На мінулым тыдні ў Беларусі спынілі працу восем прыватных школаў, яшчэ 12 атрымалі прадпісанні аб спыненні дзейнасці. Пра гэта паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».
У сюжэце паведамляецца, што ў зачыненых школах навучаліся каля 500 дзяцей і падлеткаў. Ужо палову з іх перавялі ў дзяржаўныя школы.
Праблемы ў прыватных школах пачаліся незадоўга да пачатку навучальнага года праз шматлікія праверкі – у гэтым годзе іх сталі перамяшчаць на канец жніўня, хоць раней яны заканчваліся да 20-га чысла. Дадаткова ў прыватныя школы прыходзілі з маніторынгамі з МНС і Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Праз гэта ў некаторых школах заняткі так і не пачаліся, а бацькам пачалі паступаць званкі з прапановамі аддаць дзяцей у дзяржшколы.
Таксама падставай да праверак і закрыцця школаў стаў інцыдэнт, які здарыўся 15 верасня ў Менску: у прыватнай школе «Смарт Скул» школьнік пашкодзіў твар школьніцы з цацачнага пісталета. Па дадзеных следства, дырэктарка і супрацоўнікі школы «ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў».
Пазней, па словах дырэктаркі, дзяўчынка патрапіла ў шпіталь. Яна атрымала траўму ў вобласці твару, але зрок не пацярпеў.
20 верасня Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) супраць кіраўніцы школы «Смарт Скул» Наталлі Базанавай. Пазней праўладны тэлеграм-канал апублікаваў пост аб затрыманні аднаго з супрацоўнікаў школы – пісьменніка і настаўніка Дзмітрыя Юртаева. У «пакаяным відэа» ён кажа, што браў удзел у пратэстах, бо «хварэла сэрца за краіну».
Алена Рувіна belsat.eu