Гарадзенскі абласны суд 26 ліпеня агучыў вырак журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч, кожнаму прысудзілі 6 гадоў зняволення.
Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі 6 гадоў калоніі кожнаму. У Паўла, паводле выраку, узмоцнены рэжым.
Пракурор патрабаваў менавіта гэткага тэрміну.
Суд над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня. За што судзяць палітзняволеных, стала вядома толькі ў судовай зале – іх абвінавацілі ў перадачы звестак «Белсату» ў лютым – сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэксу).
Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка нібыта «дзеяў у групе асобаў пры папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч і з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання».
Потым, згодна з абвінавачаннем, гэтыя звесткі былі «апублікаваныя ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт нявызначанымі ўдзельнікамі арганізацыі «Белсат», што забяспечыла неабмежаванаму колу асобаў доступ да названай інфармацыі».
Гэткім чынам палітзняволеныя, на думку рэжыму, аказалі «іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
Паўла Мажэйку жорстка затрымалі 30 жніўня 2022 года. Амаль год яго трымаюць у СІЗА гарадзенскай турмы. Доўгі час сям’я не ведала нават прычынаў затрымання, бо адвакаты і ўсе сведкі далі падпіску аб нераскрыцці. Лісты ад палітвязня сталі адзінаю крыніцаю інфармацыі.
З 2007 года Павел Мажэйка быў тварам нашага тэлеканалу, вёў праграмы «Два на два», «Госць «Белсату». А пазней – гістарычнае шоу «Intermarium», у якім спалучаў журналістыку і гісторыю. Канцэпцыя праекту – аповед пра Беларусь у кантэксце гісторыі суседзяў: Літвы, Польшчы, Украіны і Расеі. Але калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» «экстрэмісцкім», Павел пайшоў з тэлеканалу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu