16 траўня ва Украіне загінуў заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі, яму было 49 гадоў. Ён быў адным з загінулых пад Бахмутам разам з добраахвотнікамі палка Каліноўскага. Развітанне з ім і астатнімі ваярамі адбываецца ў Кіеве 26 траўня.
«Ён сапраўдны патрыёт, змагар за свабоду Украіны і Беларусі, загінуў пад Бахмутам. Як сапраўдны камандзір, адступаў апошнім, прыкрываючы сваіх пабрацімаў, ратуючы іхныя жыцці», – распавядае пра загінулага Міраслава намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.
Камандзір Міраслаў Лазоўскі разам з іншымі байцамі палка імя Каліноўскага ўдзельнічаў у баявой аперацыі ў Бахмуце. 17 траўня група трапіла пад расейскі артылерыйскі абстрэл – будынак, у якім былі добраахвотнікі, абрынуўся. Пасля гэтага была накіраваная група для дапамогі параненым і эвакуацыі целаў. Яе камандзір ахвяраваў жыццём, каб выратаваць іншых.
У той дзень загінулі пяцёра байцоў палка Каліноўскага.
Пабрацім загінулага Міраслава Лазоўскага Павел Шурмей распавёў падрабязнасці таго дня, калі загінулі беларускія ваяры: «Нашыя хлопцы далі добры бой, нанеслі страты расейцам. Яны адышлі і запыталі артылерыйскую падмогу». Паводле яго, пасля гэтага ў будынак трапілі буйныя снарады, каля 200 мм, у выніку чаго ў будынку абрынуліся тры паверхі.
Падчас «прылёту» Лазоўскі быў побач на камандна-назіральным пункце (КНП), распавядае Павел Шурмей. Калі параненыя змаглі праз рацыю распавесці, што адбываецца, ён адразу пачаў фармаваць групу дапамогі і эвакуацыі з сумежнікаў – ЗСУ, з імі быў і парамедык палка. Яны рушылі на тое месца. Лазоўскі кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да КНП.
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся ў Менску. У 1995 годзе ўступіў у Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў. Быў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» – ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.
Алена Рувіна belsat.eu