На Нацыянальным прававым партале 26 красавіка афіцыйна апублікавалі новыя Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Беларусі. Яны набываюць моц пасля афіцыйнай публікацыі.
Ураду за 6 месяцаў даручылі забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Ваеннай дактрынай, а таксама прыняць іншыя захады, неабходныя для яе рэалізацыі.
Апроч таго, дзяржаўным органам і суб’ектам грамадзянскай супольнасці ў практычнай дзейнасці даручылі кіравацца палажэннямі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, а ўраду, Адміністрацыі прэзідэнта і Дзяржаўнаму сакратарыяту Савету бяспекі – каардынаваць гэтую дзейнасць.
Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі пасля трох гадзінаў агітацыі адзінагалосна ўхвалілі 25 красавіка, у другі дзень Усебеларускага народнага сходу.
Праект Канцэпцыі ўжо публікавалі – вядома, што ў ім: еўразійская інтэграцыя і скасаванне шматвектарнасці, пагрозы ад экстрэмізму да неанацызму, пашырэнне рэпрэсіяў і паглыбленне ізаляцыі. Пра Ваенную дактрыну ёсць толькі ўскосныя звесткі, часам супярэчлівыя.
Якуб Хруст belsat.eu