Еўрапейскі звяз гатовы даць адказ на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі. Аб гэтым напісаў у сваім Twitter вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах Жазэп Барэль.
26 сакавіка вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах Жазэп Барэль заявіў, што ЕЗ гатовы даць адказ на размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі:
«Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, гэта іх выбар. ЕЗ гатовы адказаць далейшымі санкцыямі», – напісаў Барэль.
Жазэп Барэль таксама адзначыў, што размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі азначае безадказную эскалацыю і стварае пагрозу еўрапейскай бяспецы.
Раней «Белсат» паведамляў, што прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў аб намеры Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядравую зброю. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануецца скончыць ужо 1 ліпеня 2023 года.
Планы Крамля пракаментавала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Twitter. Ціханоўская падкрэслівае, што размяшчэнне Расеяй тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) груба супярэчыць волі беларускага народу на безʼядравы статус дзяржавы, што было адлюстравана ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі 1990 году. Ціханоўская абвінавачвае Маскву ў парушэнні Будапешцкага мемарандума і называе Расею «варожай сілай», якая такім чынам «яшчэ больш падпарадкоўвае Беларусь свайму незаконнаму кантролю».
Антон Тачняк belsat.eu