Паводле звестак «Белсату», у Менску масава спыняюць сваю працу стаматалагічныя клінікі. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць нашыя чытачы, блізкія да стаматалагічнай сферы, і нават самыя клінікі. Разбіраемся ў прычынах.
Як стала вядома «Белсату», у Менску ўлады прыпынілі працу 21 прыватнай стаматалогіі. Чытачы ўдакладняюць, што такіх клінік ужо больш – прынамсі 23.
Гэтак, адзначаюць, што ў 6-й стаматалогіі «адабралі ліцэнзіі без права аднаўлення, то бок па сутнасці закрылі». Але ўдакладніць гэтую інфармацыю праз тэлефон не ўдалося.
Дакладна прыпыніў працу адзін з трох філіялаў стаматалагічных клінік «Kano».
«Часова прыём у нашай клініцы на праспекце Незалежнасці 92 прыпынены», – паведамілі карэспандэнту «Белсату» ў кантакт-цэнтры.
Сярод клінік, які прыпынілі сваю дзейнасць у выніку правяранняў, называюць і аддзяленне клінікі лазернай стаматалогіі «Прафі-дэнт» на Прытыцкага 39.
«Мы з заўтра пераходзім на Пераможцаў і на Лапаціна – у нашыя філіялы. На Прытыцкага часова будзе спынены прыём», – адзначаюць у кантакт-цэнтры.
Але называюць зусім іншыя прычыны – рамонт, які працягнецца не менш за месяц. Пры гэтым там удакладнілі, што ўсе лекары працягнуць сваю працу ў пазначаных філіялах.
Адзначым, што ў кастрычніку 2020 года студэнту Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту заклікалі байкатаваць «Прафі-дэнт», заяўляючы, што клініка належыць рэктару БДМУ Сяргею Рубніковічу, адказнаму за адлічэнні нязгодных студэнтаў, і ягонай сям’і.
Як паведамляюць дактары, прычыны адклікання ліцэнзіяў у стаматалогіяў могуць быць рознымі, але вынік – адзін.
Уладныя правяранні цягнуцца ад аднаго да некалькіх дзён. Паводле нашай інфармацыі, дзяржаўныя інстанцыі правяралі не толькі прафесійныя веды і навыкі стаматолагаў, абсталяванне, сертыфікаты, прэпараты, дакументы, але і ўсё, што магчыма было праверыць. Нават сертыфікаты на будаўнічыя матэрыялы і сяброўства працаўнікоў у прафсаюзах.
Ёсць выпадкі, калі не ўзнікае прэтэнзіяў да клінік, а ўжо на наступны дзень кажуць пра «апошні працоўны дзень».
Адной з прычынаў атакі на стаматалогіі называюць тое, што ўладальнікі клінік «не хавалі сваёй пазіцыі ў сацсетках».
Гэтак, паводле чытачоў «Белсату», у дзвюх стаматалогіях падчас правяранняў «адразу ж папрасілі асабістыя справы некалькіх дактароў, або «будуць праблемы». У выніку іх звольнілі».
«У яшчэ адной прыватнай клініцы мяне спыталі, ці брала ўдзел у акцыі, бо яны пашыраюцца, і іх правяраюць. У выніку не ўзялі з гэтай прычыны», – паведамляюць нашыя чытачы.
Што цікава, правяраюцца перадусім праўладныя стаматалогіі.
«Тое ўжо даўно адбываецца. Шмат стаматалогіяў, акрамя праўладных, правяраюць», – паведамілі нам у супольнасці медыкаў «Белыя халаты».
Варта адзначыць, што зачыстка клінік і дактароў трывае на фоне вялікага кадравага голаду ў медычнай сферы. Паводле звестак Дзяржаўнай службы занятасці, у Беларусі на сёння больш за 11 тысяч вакансіяў: 4795 – дактароў, 2894 – медсясцёр, 1779 – санітараў, 1069 – фельчараў, 369 – фармацэўтаў, 137 – акушэрак і 65 – медычных рэгістратараў. Але спробаў уладаў развязаць праблему пакуль не відаць.
Ці развяжа закрыццё клінік пытанне доступу беларусаў да медыцыны – пытанне, відаць, рытарычнае.
МГ belsat.eu