Святлана Ціханоўская распачала свой двухдзённы афіцыйны візіт у Нямеччыну. На суботу і нядзелю 25 і 26 лістапада запланаваныя шэраг сустрэчаў з нямецкімі чыноўнікамі і абмеркаванне беларускіх пытанняў.
Пра свой візіт у Нямеччыну абраная прэзідэнтка Беларусі паведаміла ў сацсетцы Х.
«Сёння я пачынаю свой візіт у Нямеччыну, да моцнага саюзніка дэмакратычнай Беларусі. Я сустрэнуся з віцэ-канцлерам Робертам Габекам, міністрам замежных справаў Нямеччыны Аналенай Бэрбак і дзяржаўным міністрам Ганнай Люрман. Я таксама выступлю на канферэнцыі федэральных дэлегатаў BDK23 партыі «Зялёныя», – напісала Ціханоўская.
Запланаваныя таксама сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу і лідарам групы «За дэмакратычную Беларусь». З імі беларуская лідарка абмяркуе рэалізацыю рэзалюцыі Бундэстагу па Беларусі, візы для беларусаў, рэабілітацыю палітвязняў, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. У прамове на канферэнцыі партыі «Зялёныя» Ціханоўская плануе закрануць пытанні адносна еўрапейскай будучыні Беларусі, зялёную эканомікіу і ўстойлівае развіццё нашай краіны, а таксама ядравую зброю.
27–28 лістапада дэмакратычная лідарка наведае Рыгу з афіцыйным візітам. У Латвіі нядаўна змяніўся ўрад, таму адной з мэтаў візіту будзе стварэнне новых сувязяў і ўмацаванне старых. Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Латвіі, прэмʼер-міністрам, спікерам парламенту, міністрам замежных справаў, мэрам Рыгі і групай «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце.
Святлана Ціханоўская плануе абмеркаваць праблемы беларусаў у Латвіі, выдачу візаў і мабільнасць для беларусаў, адмежаванне беларусаў ад расейцаў і рэжыму. Таксама плануецца распавесці пра сітуацыю з новым пашпартам, пра еўрапейскі выбар Беларусі, пра неабходнасць прыцягнення рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны, пра ўмацаванне сувязяў паміж беларускім і латышскім народамі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu