Кіраўніца грамадскай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач абскардзіла рашэнне Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы не даваць ёй прытулку, паведамляе BNS са спасылкаю на адваката актывісткі Рыціса Саткаўскаса.
Вольга Карач падала скаргу ў акружны адміністратыўны суд Вільні. Прадстаўнікі суда пацвердзілі BNS, што атрымалі скаргу ў чацвер, 24 жніўня. Адвакат беларускай актывісткі адмовіўся раскрываць дэталі скаргі, заявіўшы, што справа непублічная.
На мінулым тыдні кіраўніца ГА «Наш дом» Вольга Карач заявіла, што Літва адмовіла ёй у прытулку і што гэта звязанае з ейным інтэрв’ю з Уладзімірам Жырыноўскім і наведваннем канферэнцыяў у Расеі. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, аднак, заявіў, што прычыны адмовы іншыя. Літоўскія медыі пісалі, што Карач могуць падазраваць у сувязях з расейскай выведкай, аднак сама актывістка адмаўляе гэта.
Вольга Карач была ўнесеная ў Беларусі ў «спіс тэрарыстаў» у верасні 2021 года, сама арганізацыя была абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем, а YouTube- і Telegram-каналы «Нашага дому» былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У снежні 2022 года лукашэнкаўскі рэжым ануляваў Вользе Карач беларускі пашпарт, пра што яна даведалася падчас спробы паляцець у Рым.
Марыя Міхалевіч belsat.eu