Міністэрства культуры паведаміла пра вынікі конкурсу сцэнароў для вытворчасці ў 2024–2025 гадах мастацкага фільму пра беларускую школу і настаўнікаў. У ім перамог настаўнік біялогіі са своеасаблівым пачуццём гумару.
Перамогу атрымаў сцэнар Андрэя Курса «Класная дама», што распавядае пра шлях прафесійнага станаўлення выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка Таццяны, якая прыехала працаваць паводле размеркавання ў вясковую школу Лідскага раёну. І там у няпростых стасунках з класам 11А знаёміцца з «таемнымі правіламі жыцця».
Аўтар сцэнара – настаўнік біялогіі, мае ступень магістра педагогікі, напісаў шэраг артыкулаў і навукова-папулярных кніг. Таксама ён аўтар і суаўтар сцэнароў да тэлесерыялаў «Каралева прыгажосці», «Ілюзіі», тэлепраграмы «Фартыфікацыя». Міністэрства культуры цытуе і любімы жарт сцэнарыста:
«Калі настаўнік працы і фізрук перастаюць выпіваць, школа аўтаматычна робіцца гімназіяй».
Прэм’еру фільму запланавалі да Дня настаўніка 2025 года.
Нагадаем, што Беларусь і Кітай плануюць зняць супольны фільм, у якім будзе «цудоўны сюжэт», што адлюструе «сяброўства нашых людзей, нашых краінаў, закладзенае кіраўнікамі дзвюх дзяржаваў». Здымкі будуць праходзіць у «найпрыгажэйшых мясцінах» у Беларусі і Кітаі.
Якуб Хруст belsat.eu