Еўрапейскі парламент 25 красавіка прыняў рэзалюцыю «Аб недэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах у Расеі і іх незаконным правядзенні на акупаваных тэрыторыях». Дэпутаты заклікаюць міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі выбараў у РФ і абмежаваць кантакты з Уладзімірам Пуціным.
У дакуменце зазначаецца, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў Расеі 15-17 сакавіка 2024 году, праходзілі без якой-небудзь палітычнай канкурэнцыі, у атмасферы страха і рэпрэсіяў, на фоне незаконнай агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Еўрапарламент асуджае незаконнае галасаванне на акупаваных украінскіх тэрыторыях.
Дэпутаты Еўрапарламенту прыйшлі да высновы, што выбары ў Расеі былі «нелегітымнымі і недэмакратычнымі».
«Гэта фарсавы спектакль расейскіх уладаў пераследаваў адзіную мэту – стварыць выгляд электаральнай легітымнасці Уладзіміра Пуціна, яго палітыкі бязлітасных унутраных рэпрэсіяў і, перш за ўсё, агрэсіўнай вайны супраць Украіны», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Дэпутаты заклікаюць краіны Еўразвязу і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі выбараў легітымнымі, бо яны прайшлі на акупаваных тэрыторыях і «нават унутры Расеі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі».
Таксама ў рэзалюцыі ёсць заклік абмежаваць стасункі з Уладзімірам Пуціным выключна гуманітарнымі і праваабарончымі пытаннямі, неабходнымі для рэгіянальнага міру.
Глеб Нержын belsat.eu