Дырэктар ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў заявіў, што ў Беларусі рыхтаваўся «вайсковы пераварот», але даць ацэнку ролі ЗША ён пакуль не гатовы. Пра гэта кіраўнік спецслужбы казаў у эфіры тэлеканала «Россия 1», піша «РИА Новости».
Паводле Бортнікава, пра спробу «вайсковага перавароту» нібыта сведчаць «тыя абʼектыўныя і дакладныя матэрыялы, якія мы атрымалі ў выніку затрымання асобаў» у Маскве. Паводле дырэктара ФСБ, цяпер ідзе актыўная праца следчых падраздзяленняў Беларусі. «Канчатковыя высновы трэба будзе рабіць па выніках канчатковым расследаванняў», – дадаў ён.
Што тычыцца ролі ЗША ў спробе «перавароту», то «гэтае пытанне даследуецца ў рамках крымінальнай справы, якую на сённяшні момант ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнай бяспекі і следчыя ворганы Беларусі», адзначыў Бортнікаў.
Пра тое, што ў Беларусі нібыта рыхтаваўся «вайсковы пераварот» Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 красавіка. Паводле Лукашэнкі, амерыканскія спецслужбы з санкцыі Джо Байдэна хацелі яго забіць. У межах справы былі затрыманыя чатыры чалавекі, КДБ выставіў ім абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады. Двое з чатырох – Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч – былі затрыманыя ў Маскве пры дапамозе ФСБ. У сваю чаргу ФСБ 17 красавіка апублікавала прэс-рэліз, дзе распавяла пра сумесную спецаперацыю з КДБ: пра Джо Байдэна там гаворка не ішла, але сцвярджалася, што «мяцеж» рыхтаваўся пры дапамозе ўкраінскіх нацыяналістаў.
Незалежныя эксперты лічаць справу аб спробе «вайсковага перавароту» пастаноўкай і правакацыяй спецслужбаў.
ІІ belsat.eu