У польскім горадзе Элк 25 сакавіка на будынку гарадскога ўраду быў вывешаны беларускі нацыянальны сцяг. Падзея, прымеркаваная да Дня Волі, адбываецца ў горадзе другі год запар.
«25 сакавіка дэмакратычныя колы Беларусі адзначаюць Дзень Волі, прымеркаваны да 106-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сённяшняй Беларусі гэтае свята не прызнаецца.
Знакам салідарнасці і падтрымкі беларускага народу з’яўляюцца ініцыятывы, якія распачынаюцца ва ўсім свеце ў гэты дзень па папулярызацыі бел-чырвона-белых колераў гістарычнага сцяга Беларусі, прынятага ў 1918 годзе, у год абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
У Элку жывуць і беларускія сем’і, якія ў пошуках бяспекі эмігравалі ў Польшчу. На знак салідарнасці праз сімвалічнае далучэнне да акцыі сёння (25 сакавіка) на будынку гарадской ратушы ў Элку быў узняты бел-чырвона-белы сцяг беларусаў, якія змагаюцца за свабоду», – гаворыцца ў паведамленні гарадскіх уладаў.
Бел-чырвона-белы сцяг ужо вывешваўся на ўрадзе Элку з нагоды Дня Волі ў 2023 годзе. Вісеў беларускі штандар у горадзе і ў верасні 2020 года.
«Гісторыя паказвае, што перамагчы можна, нават калі змаганне вельмі цяжкае і шанцы на перамогу падаюцца нікчэмнымі», – адзначаў сёлета ў каментары «Белсату» прэзідэнт Элку Томаш Андрукевіч.
Якуб Хруст belsat.eu