Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык лічыць, што беларусы павінны прадпрымаць нейкія крокі, каб расейскім войскам у Беларусі «стала вельмі некамфортна».
«Белсат» папрасіў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валера Сахашчыка пракаментаваць заяву прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна аб планах размясціць у Беларусі ядравую зброю.
«Гэтая заява азначае, што Пуцін хоча далей палохаць увесь свет, трымаць у напружанні, – сказаў спадар Сахашчык. – Я не думаю, што Пуцін здольны выкарыстаць такую зброю, але ўзровень небяспекі становіцца значна вышэйшы. І трэба будзе нешта нам рабіць, бо гэта ўжо зусім нядобра. Калі на гэта ідзе Лукашэнка, то ён падвяргае вялікай рызыцы народ Беларусі, і ён павінен за гэта адказаць напэўна. Гэта адназначна эскалацыя канфлікту».
На пытанне, што менавіта беларусы цяпер павінны рабіць, Валер Сахашчык адказаў, што гэта мусіць быць нешта большае, чым дыверсія ў Мачулішчах.
«Мы павінны пачаць рабіць нейкія крокі, каб расейскім войскам у Беларусі стала вельмі некамфортна, каб у іх не было вялікага жадання тут знаходзіцца», – зазначыў прадстаўнік Аб’яднанага кабінету.
Уладзімір Пуцін увечары 25 сакавіка заявіў, што ў Беларусі будзе размешчаная расейская тактычная ядравая зброя. Адмысловае сховішча будзе пабудаванае ўжо да 1 ліпеня бягучага года. Па словах Пуціна, Лукашэнка сам даўно прасіў яго размясціць у Беларусі ядравую зброю.
Марыя Міхалевіч belsat.eu