Палітзняволеная Таццяна Пыцько, жонка палітвязня Вячаслава Лазарава, выйшла на волю 24 лістапада, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Яе мусілі вызваліць два дні таму, але ў следчым ізалятары «чакалі дакументаў».
Вярхоўны Суд разглядзеў апеляцыю Таццяны Пыцько 22 лістапада. Новы вырак вынеслі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), Таццяне прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, а ейнаму мужу Вячаславу Лазараву скарацілі тэрмін зняволення на паўгода, да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Як пастанавіў Вярхоўны суд, Таццяну Пыцько мусілі вызваліць са следчага ізалятару ў той жа дзень. Але, як піша БАЖ, у віцебскім СІЗА чакалі дакументаў з Вярхоўнага суду. Атрымаўшы іх, 24 лістапада жанчыну вызвалілі з-пад варты.
Але гэта яшчэ не поўная свабода: пакаранне з адтэрміноўкай значыць, што жанчына будзе пад адмысловым наглядам, за парушэнні яе могуць вярнуць за краты.
відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага 2023 года ў Віцебску, а 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава – Таццяну Пыцько.
На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку – гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іхны родны бацька.
Таццяне і Вячаславу давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020 годзе.
Алесь Наваборскі belsat.eu