Прадстаўніца Мінздароўя прызнала ў каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву «БелТА» істотны недахоп некаторых катэгорыяў лекараў у Беларусі.
Начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава расказала, што ейнае ведамства мае топ-5 спецыяльнасцяў лекараў, якіх не хапае ў рэгіёнах Беларусі: гэта перадусім анестэзіёлагі і рэаніматолагі, а таксама лекары дыягнастычнага профілю і стаматолагі. Ці называла яна пятую катэгорыю, «БелТА» не перадае.
Прыбыццё маладых спецыялістаў, запэўніла Калюпанава, дазваляе «закрыць нішу» па анестэзіёлагах і рэаніматолагах, але сёлета «размеркавалі 83 % патрэбы».
Брак стаматолагаў яна растлумачыла тым, што шэсць гадоў таму было скарачэнне прыёму на стаматалагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэтах, быў акцэнт на паступленне на платнай аснове, таму і не атрымалася размеркаваць вялікую колькасць бюджэтнікаў.
Маладыя спецыялісты, кажа прадстаўніца міністэрства, з’язджаюць не столькі за мяжу, колькі хочуць пахутчэй сысці ў прыватныя медычныя цэнтры. Асабліва моцна прыватны сектар «забірае» ў дзяржавы стаматолагаў і дыягностаў. Аднак 79,5 % бюджэтнікаў удалося «замацаваць» на месцах размеркавання.
Тым, каму хочацца пасля навучання працаваць не па месцы размеркавання, прапануюць кампенсаваць выдаткі на навучанне. А каштуе гэтая адмова ўдвая больш за ўсю цану аналагічнага платнага навучання.
Сёлета Міністэрства аховы здароўя вырашыла стварыць спецыяльную камісію, якая будзе ўзгадняць пераразмеркаванне і перанакіраванне выпускнікоў медычных ВНУ і маладых спецыялістаў. Камісія зможа запытваць меркаванне галоўных упраўленняў аховы здароўя пры выканкамах, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, «Белфармацыі» ды іншых.
Медыкі – не адзіная «дэфіцытная» прафесія ў Беларусі: таксама ў топе вакансіяў трактарысты, кіроўцы, кухары, будаўнікі, нават прадаўцы.
Алесь Наваборскі belsat.eu