Франак Вячорка: На Лукашэнку ціснуць людзі ўнутры рэжыму


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры «Белсату» выказаў меркаванне, што ціск на Аляксандра Лукашэнку ідзе не толькі звонку, але і знутры ягонага рэжыму.

Паводле Вячоркі вонкавы ціск на рэжым Лукашэнкі будзе павялічвацца: у лістападзе чакаецца ўвядзенне пятага пакету санкцыяў і апублікаванне дакладу ICAO, а ў снежні набудуць моц санкцыі супраць «Беларуськалія».

Па словах Вячоркі, цяжка ацаніць, што адбываецца ў галаве Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі.

«Мне здаецца, што ён ужо сябе накручвае настолькі, што не кантралюе. Для яго гэта ўжо пытанне выжывання, а не пытання захавання ўлады, яшчэ аднаго прэзідэнцкага тэрміна і г.д.

Але шмат людзей вакол яго фармуюцца ў групы, якія не задаволены. Гэта тыя, хто раней бы, умоўна кажучы, пры кармушцы. Гэта чыноўнікі сярэдняга звяна, гэта рэгіянальныя адміністратары, чырвоныя дырэктары, бізнесоўцы. Тыя людзі, якія нейкім чынам удзельнічалі ў функцыянаванні дзяржавы, былі часткай нейкіх схем і ў іх была прастора для жыццядзейнасці.

Цяпер праз Лукашэнку, праз санкцыі, праз эканамічны крызіс у іх гэтай магчымасці няма. Яны ўсё больш і больш незадаволеныя. І яны, магчыма, і зʼяўляюцца асноўнай крыніцай ціску ўласна на рэжым, як не дзіўна. Не мы ціснем, а тыя людзі, якія ўнутры рэжыму – яны ціснуць на Лукашэнку», – адзначыў дарадца Ціханоўскай.

Паводле Вячоркі, калі адбудзецца пералом ніхто не ведае, «але мы можам рабіць усё, каб яго наблізіць».

Аб’ектыў
Хто трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу?
2021.10.22 22:31

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў