Леанід Судаленка апублікаваў у Facebook фота са сваёй 84-гадовай маці. «Вось яно, шчасце», – напісаў былы палітвязень. Жанчыне не казалі, што сын у турме, каб зберагчы ейнае здароўе.
Праваабаронцу Леаніда Судаленку вызвалілі 21 ліпеня. Напярэдадні ён апублікаваў відэа сустрэчы з роднымі, напісаўшы, што гэта «хвіліны шчасця». Сёння былы палітвязень паказаў фота з маці і падпісаў здымак словамі: «Вось яно, шчасце».
84-гадовай жанчыне не казалі, што ейны сын за кратамі. Пра гэта Судаленка раней распавёў «Народнай волі»:
«Не казалі мы маме пра гэта, каб яна не хвалявалася і берагла здароўе. Паведамілі толькі, што я на некалькі гадоў з’ехаў за мяжу на заробкі. І вось цяпер – вярнуўся!»
Праваабаронца цалкам адбыў трохгадовы тэрмін, які прызначыў яму суддзя Сяргей Салоўскі. Старшыню гомельскага аддзялення «Вясны» абвінавацілі паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Апошнія дзевяць дзён у калоніі Судаленка адбываў у штрафным ізалятары. Туды яго кінулі за тое, што «нясвоечасова пераадзеўся ў спартовую форму».
«Далі менавіта дзевяць содняў, пад вызваленне, таму, мяркую, што зрабілі так адмыслова. У тых месцах, дзе я быў, павесіць парушэнне на чалавека досыць проста», – сказаў праваабаронца.
Сяргей Крот belsat.eu