Расея нанесла чарговы ўдар па Харкаве. Палова гораду засталася без электрычнасці, ёсць ахвяры


Удзень 23 чэрвеня расейская армія зноў ударыла па цывільнай інфраструктуры Харкава. Мінімум адная асоба загінула.

Паводле папярэдніх звестак, расейцы атакавалі горад кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі (КАБ). Загінула сама меней адная асоба.

«Адзін загінуў і пяцёра пацярпелі ў выніку падзення КАБ у прыватны жылы дом. Яшчэ трое пацярпелых у іншым раёне гораду – там удар па дзіцячай навучальнай установе», – паведаміў мэр Харкава Ігар Тэрэхаў.

Мясцовы Telegram-канал «Труха» паведамляе, што ў некаторых раёнах Харкава знікла святло і вада. Таксама не працуе метро. Цяпер станцыі працуюць у рэжыме ўкрыцця.

Мэр Харкава заявіў у эфіры тэлебачання, што электрычнасці няма ў палове гораду. Спынілася не толькі метро, але і наземны электратранспарт. Цяпер вядзецца праца над тым, каб запусціць на маршруты муніцыпальныя аўтобусы.

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў пазней паведаміў, што агулам атрымалі раненні 11 чалавек ад 15 да 63 гадоў. Загінулы – 73-гадовы мужчына.

У Халоднагорскім раёне гораду зруйнаваныя два будынкі. У Шаўчэнкаўскім пашкоджаная ўстанова адукацыі, а таксама шматкватэрныя будынкі.

Нагадаем, учора, 22 чэрвеня, у выніку ўдару кіраванымі авіябомбамі па Харкаве загінулі трое. 56 асобаў атрымалі раненні, у тым ліку трое дзяцей.

Hавiны
Расея ўдарыла па Харкаве авіябомбамі. Ёсць загінулыя
2024.06.22 20:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў