«Гэта будзе вельмі гучна». Ужо ў наступную суботу адбудзецца Hučna Fest з онлайн-трансляцыяй


Чарговы фестываль Hučna Fest, які робіць фокус на сучасныя культуру і актывізм, адбудзецца 29 чэрвеня ў Варшаве, і беларусы ў краіне змогуць далучыцца да яго праз онлайн-трансляцыю. «Беларусы не мусяць быць сціплымі, тое, што яны робяць, вельмі таленавіта і крута», – кажуць арганізатары. Музычны канцэрт, літаратурная сцэна ды пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў разгорнуцца проста на беразе Віслы.

Hučna Fest на беразе Віслы ад Free Belarus Center. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У нас заўсёды пазітыў, нават у цяжкія часы, наш дэвіз – «смех скрозь слёзы, слёзы скрозь смех», таму сумна дакладна не будзе, будзем танцаваць, зараджаць і настройваць на пазітыў, – кажа музыка Павел Гарадніцкі і заклікае наведнікаў таксама танцаваць і падпяваць. Гурт «Разбітае сэрца пацана» – адзін з хэдлайнераў сёлетняга Hučna Festu, хлопцы абяцаюць выканаць «залатыя хіты РСП» і, калі на гэта хопіць часу, некалькі трэкаў з новай праграмы.

«Мы іх выконвалі 1 чэрвеня на канцэрце ў Варшаве, і можа быць, сыграем і на фестывалі, бо хочацца іграць нешта новае, – працягвае Павел. – Гэта будзе вельмі гучна, як заўсёды, гэта будзе драйвова, весела, класна, таму далучайцеся ўсе. Проста хочацца, каб людзі гэтыя некалькі гадзін летняга вечара правялі разам са знаёмымі і сябрамі, з любімай музыкай, з файным настроем і на некаторы час, можа, забыліся пра кепскія навіны, пажылі некалькі гадзін у кайф. Таму пабачымся там – кайфанем і адарвемся».

Паводле суарганізатара фестывалю Івана Марозькі, Hučna Fest штогод запрашае ў лайнап тых артыстаў, якія на думку каманды павінны быць пачутыя яшчэ большай колькасцю людзей. «Цягам года мы глядзім, што адбываецца ў музыцы, якія альбомы выходзяць. На маю думку, Сяргей Башлыкевіч запісаў самы моцны альбом мінулага года, мы не маглі яго не паклікаць. А «Разбітае сэрца пацана» – нашы сябры з першага Hučna Festu у Кіеве. Думкі запрасіць Syndrom Samazvanca былі яшчэ летась, але тады ў хлопцаў не атрымалася. Гэта дасведчаныя музыкі, якія стварылі малады гурт, на сёння яны ўжо далі некалькі крутых канцэртаў у Варшаве і летась выпусцілі некалькі вельмі цікавых рэлізаў». У праграме значыцца і інды-поп-гурт Nocny.

Leibonik – яшчэ адзін хэдлайнер музычнай часткі фэсту, летась ягоным сапраўдным хітом стала Emigrant Song, першая песня з першага эмігранцкага альбома музыкаў. «Можна чакаць усе нашыя хіты, – кажа лідар групы Сяргей Башлыкевіч пра будучы канцэрт. – Для нас фармат выступлення менавіта на летнім фестывалі даволі новы, мы, напэўна, упершыню выступаем на адкрытай гарадской пляцоўцы. Таму для гэтага разу рыхтуем больш вясёлую праграму, адрозную ад тура, з якім мы ездзілі ўвосень і дзе ігралі даволі шмат мінорных песень з апошняга альбома. Зараз пераважная большасць песняў будзе пазітыўная, і безумоўна, хацелася б, каб было гучна».

Да сёлетняга фестывалю можна далучыцца з любой кропкі свету праз онлайн-трансляцыю, гэтая магчымасць ладзіцца перадусім для беларусаў, якія жывуць унутры краіны. «Мы разумеем, што ў Беларусі такіх мерапрыемстваў зараз няшмат, і нам важна, каб Hučna Fest быў не толькі для дыяспары, а для ўсіх беларусаў», – кажа Іван Марозька.

Сяргей Башлыкевіч (Leibonik) выступае з відэазваротам пасля атрымання ўзнагароды на першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі «Uwaga!», якая прайшла ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna». Варшава, Польшча. 13 красавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле Сяргея Башлыкевіча, гледзячы па праслухоўваннях на даступных у краіне стрымінгах, Беларусь была і застаецца асноўнай аўдыторыяй гурта Leibonik. «Я агулам у першую чаргу арыентуюся на людзей у Беларусі», – кажа музыка, але прызнае, што калі гаворка пра жывы канцэрт, нават вельмі якасная і складана зробленая трансляцыя не зможа перадаць яго атмасферы. «Будзе прыемна, калі людзі далучацца і выкажуць падтрымку праглядамі, мы будзем удзячныя за каментары – гэта будзе асноўны спосаб канэкшана, але хацелася б з усімі калі-небудзь сустрэцца на канцэрце жыўцом, дзе б ні было», – працягвае Сяргей Башлыкевіч.

Рэпартаж
«Uwaga!» У Варшаве далі першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі
2024.04.14 02:02

Іван Марозька тлумачыць, што Hučna Fest – усё-ткі не музычны фестываль у яго класічным разуменні, пад гэтаю назваю абʼядноўваюцца розныя праявы беларускага мастацтва і актывізму. «Гэтымі інструментамі, мовай культуры, выкарыстоўваючы музыку, сучаснае мастацтва, дызайн, літаратуру мы імкнемся паказаць сучасную творчую, крэатыўную Беларусь, дэмакратычную Беларусь, паказаць, што беларусы – еўрапейская, дэмакратычная, вольная, маладая, прыгожая нацыя, менавіта мы, а не рэжым Лукашэнкі, ёсць Беларусь».

Літаратурную сцэну арганізатары ладзяць сумесна з ПЭНам – сёлета яна называецца «Бліжэй да цябе» і прысвячаецца беларускай жаночай і квір-літаратуры. У праграме возьмуць удзел Света Бень, Анхела Эспіноса Руіс, Ганна Кандрацюк, Наста Кудасава, Ганна Янкута, Уладзь Гарбацкі, тоні лашдэн і Артур Камароўскі. «На літаратурнай сцэне будуць і дыскусіі, і перфарматыўныя чытанні, і нават інтэграваны ў гэтую літаратурную сцэну выступ Светы Бень як аўтаркі, яна выступіць са сваім новым праектам WTBSK», – удакладняе Іван Марозька.

Побач на беразе Віслы ў гэты час будуць працаваць кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў і беларускіх НДА. «Для нас у нашай праграме ўсе зоркі гэтага дня, – працягвае Іван. – У фестывалю ёсць слоган – «Час быць гучным!», мне здаецца, тое, што робяць беларусы – вельмі таленавіта і крута, і беларусы не мусяць быць сціплымі».

Даведка

Фестываль распачнецца на беразе Віслы (Wybrzeże Kościuszkowskie 22) а 13 гадзіне 29 чэрвеня, музычная частка працягнецца да 22 гадзіны. «Белсат» з’яўляецца інфармацыйным партнёрам Hučna Fest.

belsat.eu

Стужка навінаў