Двое грамадзянаў Беларусі і адзін грамадзянін Расейскай Федэрацыі былі высланыя з Балгарыі на загад кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бяспекі краіны за дзейнасць, скіраваную супраць нацыянальнай бяспекі ды інтарэсаў рэспублікі.
Высланыя асобы пазбаўленыя права жыць у Балгарыі і заязджаць туды цягам 5 гадоў, паведамляе прэс-служба балгарскага агенцтва нацыянальнай бяспекі.
Такія захады былі зробленыя ў звязку з дзейнасцю, «скіраванай супраць нацыянальнай бяспекі ды інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя». Як сцвярджаецца, у дачыненні высланых грамадзянаў былі атрыманыя звесткі пра дзеянні, «звязаныя з рэалізацыяй розных элементаў гібрыднай стратэгіі Расейскай Федэрацыі для мэтанакіраванага ўздзеяння на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Балгарыя на карысць расейскіх геапалітычных інтарэсаў».
У паведамленні не прыводзяцца імёны і прозвішчы высланых асобаў, толькі ініцыялы. Але іншыя звесткі дазваляюць узнавіць сапраўдныя імёны.
Гэтак, згодна з заяваю МЗС Расеі, адзін з высланых – настаяцель Падвор’я Расейскай праваслаўнай царквы ў Сафіі архімандрыт Васіян (свецкае імя – Мікалай Змееў), другі – сакратар падвор’я протаіерэй Яўген, трэці – работнік святыні.
Згодна з інфармацыяй парталу Беларускай праваслаўнай царквы, сакратаром прадстаўніцтва патрыярха Маскоўскага пры патрыярхаце Балгарскім прызначаны клірык Менскай епархіі протаіерэй Яўген Павяльчук (у паведамленні балгарскай спецслужбы пазначаны ініцыяламі Е. П.).
Як піша выданне «Reform.by», у Беларусі ён быў вядомы тым, што супрацоўнічаў з прарасейскай арганізацыяй «Казачий спас», а ў Гарадзенскай епархіі адказваў за супрацу з вайсковымі структурамі і быў заснавальнікам вайскова-патрыятычных клубаў «Славяне» і «Дружына».
І, нарэшце, трэці высланы з Балгарыі – імаверна, Уладзімір Банько, жыхар Менску, які на сваёй старонцы ў «Facebook» месцам працы пазначаў Расейскую праваслаўную царкву ў Софіі, адзначае радыё «Свабода».
Пасольства Расеі ў Балгарыі абурылася фактам і фарматам прынятага балгарскім бокам рашэння, адзначыўшы, што кіраўніцтва Балгарыі паставіла сабе на мэце «разбурыць не толькі грамадска-палітычныя і культурна-гуманітарныя сувязі паміж дзяржавамі, але і разарваць стасункі паміж сястрынскімі Расейскай і Балгарскаю праваслаўнымі цэрквамі». Асабліва расейскае ведамства абурыла, што інцыдэнт адбыўся 21 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.
Нагадаем, што ўвесну 2022 года Балгарыя выслала больш за дзесяць работнікаў пасольства Расеі, якія займаліся шпіёнскаю дзейнасцю на тэрыторыі краіны. А ў чэрвені Балгарыя абвясціла персонамі нон-грата адразу 70 дыпламатаў і прадстаўнікоў тэхнічнага персаналу расейскай дыпламатычнай місіі ў Софіі.
Раман Шавель belsat.eu