На акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў ужо на гэтым тыдні хочуць правесці «рэферэндумы» аб уваходзе ў склад Расеі, нешта падобнае рыхтуюць і ў Запарожжы. На акупаваных тэрыторыях пастаянна дзеюць украінскія дыверсанты – «Белсат» спытаў экспертаў, ці будуць партызаны зрываць «рэферэндумы».
Падчас вайны ва Украіне расейскія войскі занялі амаль усю Луганскую вобласць, большую частку Херсонскай, палову Данецкай і Запарожскай (у іх усіх збіраюцца ладзіць «рэферэндумы»), часткі Мікалаеўскай і Харкаўскай вобласцяў (там пра «рэферэндумы» не кажуць), яшчэ ў 2014 годзе анексавалі Крым («рэферэндуму» ў якім не прызнала большая частка свету). Мапы прыблізныя: шмат дзе трываюць баявыя дзеянні, Украіна строга прытрымліваецца рэжыму інфармацыйнай цішы прынамсі 24 гадзіны пасля таго, як нешта адбылося на фронце, а Расея на сваіх мапах можа за дзень адмовіцца ад кантролю значнай часткі тэрыторыі.
З акупаваных тэрыторыяў пастаянна ідуць навіны аб партызанскай актыўнасці: ад раскідвання ўлётак і развешвання сцягоў да дыверсіяў на чыгунцы, падрыву штабоў і забойства калабарантаў. Яшчэ з вясны амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) пазначае вялікую тэрыторыю вакол Мэлітопалю як зону партызанскай актыўнасці, меншыя такія зоны цяпер ёсць у Херсоне, Новай Кахоўцы, пад Лісічанскам і шмат дзе яшчэ.
Дзейнасць украінскіх партызанаў цалкам сакрэтная, кажа «Белсату» намеснік дырэктара ўкраінскага Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення Міхайла Самусь. Але гэтая дзейнасць цалкам законная і ўрэгуляваная: яе апісвае закон «Пра асновы нацыянальнага супраціву», ухвалены яшчэ ў 2021 годзе. Рухам супраціву афіцыйна апякуюцца Сілы спецыяльных аперацыяў і ваенная выведка.
Гэты рух супраціву – не партызанскі рух у звыклым разуменні накшталт таго, што быў у часе Другой сусветнай вайны, заўважае ўкраінскі вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў. Перадусім гэта праца спецпадраздзяленняў і галоўнага ўпраўлення выведкі, якія маюць сваю агентуру. Гэта не партызаны, якія самастойна бяруць у рукі зброю і прыдумляюць, што б падарваць, кажа ён, а ўдзельнікі спланаваных і кіраваных акцыяў.
Там, дзе магчыма, украінскія ўлады падтрымліваюць рух супраціву зброяй і выбухоўкай. Такая дапамога асабліва важная на тэрыторыях, акупаваных з 2014 года, бо там расейская ФСБ і мясцовае МГБ «зачысцілі» тэрыторыю. Але і там спецыяльна навучаныя людзі ладзяць дыверсіі – напрыклад, нядаўна забілі «генеральнага пракурора ЛНР».
Зоны з партызанскай актыўнасцю, якія пазначаюць на мапах, асаблівыя тым, што там засталіся структуры выведкі, мяркуе Жырохаў. Расея захапіла гэтыя тэрыторыі хутка, але там засталося шмат людзей, якія сышлі ў падполле і мелі досвед баявых дзеянняў на Данбасе або ёсць байцамі Сілаў спецыяльнага прызначэння ў адстаўцы.
«Рэферэндумы» на рух супраціву ніяк не паўплываюць, мяркуе Самусь: Украіна не будзе слухацца Расеі ў тым, дзе ладзіць супраціў на сваёй тэрыторыі. «Рэферэндумы» для Украіны не будуць мець значэння і з юрыдычнага гледзішча, і з гледзішча арганізацыі партызанскіх дзеянняў.
«Вядома, што рух супраціву будзе актыўна дзеяць, што пастаянна будуць знішчацца калабаранты, якія здрадзілі Украіне і працуюць на ворага на акупаваных тэрыторыях, здзяйсняюць функцыі акупацыйных адміністрацыяў, – разважае Самусь. – У якой меры гэта выйдзе – пабачым. Гэта залежыць ад паспяховасці дзеянняў: выбуховая прылада можа, напрыклад, спрацаваць эфектыўна ці неэфектыўна, спрагназаваць гэта цяжка».
Жырохаў сумняецца, што партызаны будуць неяк па-асабліваму спрабаваць сарваць «рэферэндумы», але дапускае, што Расея сама арганізуе нейкія дыверсіі:
«Сэнсу арганізоўваць нейкія акцыі, якія будуць з вялікай колькасцю цывільных ахвяраў, для Украіны цяпер няма, – разважае Жырохаў. – Усім зразумела, што гэтым «рэферэндумам» ужо намаляваны вынік. Захад ужо заявіў, што не прызнае іх».
Вайсковы аглядальнік і колішні прафесар расейскага МГІМО Юрый Фёдараў сумняецца, што хтосьці будзе займацца атрыманнем сапраўдных вынікаў галасавання. Хутчэй за ўсё, на акупаваных тэрыторыях будзе ладзіцца «імітацыя выказвання грамадскай думкі».
Ці то ў асобных раёнах, ці то па ўсіх тэрыторыях анансавалі абход дамоў: да людзей дадому будуць прыходзіць узброеныя людзі і пытаць, ці хочуць яны далучацца да Расеі. Можна хіба падарваць будынкі акупацыйных адміністрацыяў, але гэта максімум створыць тэхнічныя замешкі, разважае Фёдараў.
«Я не ўпэўнены, што партызанская актыўнасць можа сарваць «рэферэндумы», бо іх вынікі ўжо вядомыя, – кажа Фёдараў. – Рашэнне ўжо прынятае, а працэдура нікога ў Расеі і на Захадзе не цікавіць. На Захадзе ўпэўненыя, што вынікі «рэферэндумаў» будуць падтасаваныя, а сама працэдура нелегітымная нават паводле расейскага заканадаўства».
Гэтыя «рэферэндумы» наўрад ці зменяць жыццё на акупаваных тэрыторыях, мяркуюць аналітыкі. Жырохаў кажа: яны патрэбныя Уладзіміру Пуціну, толькі каб паказаць сваю гатовасць перайсці на наступны ўзровень эскалацыі канфлікту. Фёдараў заўважае, што на акупаваных тэрыторыях і без таго ідуць рэпрэсіі, а людзі, якія не прымаюць акупацыі, і так з’ехалі або збіраюцца з’ехаць на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
Важнейшае пытанне аб тым, што рабіць з падкантрольнымі Украіне тэрыторыямі вобласцяў, на якія прэтэндуе Расея. Фёдараў адзначае, што дагэтуль невядома, ці будуць рэферэндумы тычыцца падкантрольных Украіне частак Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў – то бок рашэнні аб рэферэндумах былі неабдуманымі і прынятымі «хаатычным чынам». Ён пытае: калі вырашаць далучыць «ДНР» у межах Данецкай вобласці, дык значыць, Расея будзе патрабаваць Украіну вывесці адтуль войскі? Фёдараў сумняецца, што Крэмль мае адказ на гэтае пытанне.
Жырохаў звяртае ўвагу на тое, што гэтымі «рэферэндумамі» Крэмль паставіць пад яшчэ большы сумнеў анексію Крыму, якая адбылася нібыта са згоды тамтэйшых жыхароў пасля такога ж «рэферэндуму». Крым тады ў вачах усяго свету канчаткова атрымае такі ж статус, як Запарожжа і Херсоншчына, прысабечаныя ў выніку вайны. Больш за тое, кажа Жырохаў, Крэмль можа зламаць уласныя «чырвоныя лініі» непарушнасці расейскіх межаў: можа выйсці так, што для ўкраінскай арміі і для свету стануць аднолькавымі баявыя дзеянні на Запарожжы як «тэрыторыі Расеі» і ў Растоўскай, Белгарадскай ці Курскай вобласцях Расейскай Федэрацыі.
Алесь Наваборскі belsat.eu