У Беларусі раніцай 22 ліпеня ў розных гарадах працягваецца зачыстка нязгодных.
Як паведамляюць чытачы «Белсату», у Докшыцах ператрус праходзіць у Юрыя Стадольніка, а ў Глыбокім Кіру Кісялёву выклікалі ў крымінальны вышук. Адзначаецца, што «цягаюць і трасуць тых, хто «засвяціўся».
У Глыбокім таксама прайшоў ператрус у журналісткі Таццяны Смоткінай. У яе забралі тэлефон і сістэмны блок. Ператрус праводзіўся міліцыяй у межах першай часткі артыкулу 130 КК.
У Пружанах затрымалі на трое содняў паводле падазрэння ў правапарушэнні арт. 24.23 КаАП Анатоля Дзевянцейчыка, Юрыя Папка і Іллю Ільяшэвіча. Анатоль судзіўся з Пружанскім лясгасам за незаконнае звальненне, два тыдні таму яго затрымлівалі, закідаючы публікацыю інфармацыі аб начальніках лясгасу ў «Чорнай кнізе».
У Менску сілавікі ў цывільным прыйшлі з ператрусамі ў вялікі шматкватэрны дом на Чыгуначнай 44, адзначае «Новы час». Такія ж рэйды ладзіліся ўжо ва Уруччы і ў доме 119 на праспекце Дзяржынскага.
Тэлеграм-канал блогера Антона Матолькі таксама паведамляе пра затрыманні ў Серабранцы па вуліцы Пляханава 79.
«Вясна» паведамляе пра затрыманне ў Менску 28-гадовага Уладзіслава Бохана.
Таксама стала вядома, што 14 ліпеня быў затрыманы 27-гадовы жыхар Ждановічаў Яўген Рабаў. Ён былы афіцэр унутраных войскаў, звольніўся сам у верасні 2020. Цяпер яго трымаюць у СІЗА КДБ. Адваката не пускаюць.
А 21 ліпеня на мяжы Расеі і Украіны затрымалі беларуску Ганну Вольскую, бо ў Беларусі яна была ў вышуку паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
МГ belsat.eu