«Белсат» падводзіць вынікі палітычных рэпрэсіяў супраць беларускага народу, пра якія стала вядома праваабаронцам 22 чэрвеня.
– Палітзняволенага Ігара Лосіка этапавалі ў наваполацкую калонію. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дар’я Лосік. Палітвязень у няволі ўжо амаль два гады. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму ў «справе Ціханоўскага».
– Пацярпелы на судзе ў «справе Аўтуховіча» ацаніў свае маральныя пакуты на 15 000 рублёў. Гэта міліцыянт Ваўкавыскага РАУС, які раней быў сведкам на 40 палітычных працэсах. На пачатку кастрычніка 2020 года ўзарвалі ягоны аўтамабіль, а таксама падпалілі недабудаваны дом. Ён заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай і маёмаснай шкоды, да ўсіх 12 фігурантаў справы: маёмасная шкода, паводле ацэнкі экспертаў і праведзеных экспертызаў, у суме склала больш як 44,4 тысячы рублёў, маральныя страты ацэненыя на 15 тысяч рублёў.
– У Жлобіне ўдзельніку акцыяў пратэсту ў 2020 годзе прысудзілі 3 гады калоніі строгага рэжыму. Віталя Багамазава абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргеевіч.
– Сілавікі затрымалі старэйшага выкладчыка Інстытуту бізнесу БДУ Максіма Мароза. На апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале відэа Мароз кажа, што яго затрымалі «падчас расследавання справаў экстрэмізму», а таксама, што «баіцца страціць сваю працу».
– Таксама сілавікі затрымалі лабарантку біялагічнага факультэту БДУ Алену Андрэеўну. На «пакаяльным» відэа яна «прызнаецца», што адміністравала дваровы чат. Паводле сцвярджэння праўладнага тэлеграм-каналу, яе хочуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці.
– Палітвязня Паўла Пяскова асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Першапачаткова Паўла асудзілі за патасоўку з амапаўцамі на 3 гады і 3 месяцы калоніі. Гэта быў першы палітычна матываваны прысуд за падзеі 2020 года.
– За абразу прадстаўнікоў улады затрымалі машыніста Беларускай чыгункі. 37-гадовы жыхар Менску Сяргей Латушкін у «пакаянным» відэа «прызнаецца» ў тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ў каментарах абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).
– За каментары ў тэлеграм-каналах затрымалі 36-гадовую жыхарку Менску Кацярыну Балабановіч. Як сцвярджаюць сілавікі, жанчына была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, дзе ў каментарах нібыта абражала прадстаўнікоў улады. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).
– У судзе Чыгуначнага раёну Гомля вынесены прысуд мясцоваму жыхару Канстанціну Дудараву. Суддзя Сяргей Мальцаў прызнаў яго вінаватым паводле арт. 367 КК («Паклёп у адносінах да Лукашэнкі») і агучыў вырак: 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
– Вынесены прысуд палітвязню Аляксандру Пятрашку. Яго асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці ці варажнечы) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) за каментар.
– У Лідзе быў затрыманы 35-гадовы байкер Іван Кашко. Яму інкрымінуюць распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сімволікі, абразы Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, здзек з дзяржаўнага сцяга, заклікі да гвалту ў дачыненні міліцыянтаў, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы.
Алена Рувіна belsat.eu