Палітвязня і журналіста Ігара Лосіка этапавалі ў наваполацкую калонію № 1. Пра гэта ў Іnstagram паведаміла жонка зняволенага Дар’я Лосік.
У допісе Дар’я Лосік задае рытарычнае пытанне: навошта Беларусі Дэпартамент выканання пакарання, калі ён не дае ніякіх звестак пра этапаванне зняволеных? Даведвацца, што чалавека перавезлі ў іншую папраўчую ўстанову, даводзіцца шляхам «абзвону калоніяў».
21 чэрвеня жонка палітвязня прыязджала на спатканне з Ігарам Лосікам у гомельскі СІЗА-3, але ёй паведамілі, што «ён выбыў» яшчэ ў панядзелак 20 чэрвеня. Куды – ніхто са службовых асобаў не хацеў паведамляць. Дар’я Лосік напісала скаргу на начальніка ўпраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў.
Пра тое, што Ігар Лосік быў этапаваны ў калонію ў Наваполацк, даведалася 22 чэрвеня.
Ігар Лосік застаецца за кратамі амаль два гады. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму ў «справе Ціханоўскага». Новы адрас для ліставання: 211440 Наваполацк, вул. Тэхнічная 8, ПК № 1, Ігару Аляксандравічу Лосіку (на лістах пазначайце «каранцін»).
На дзень 22 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1222 чалавекі.
ЗК belsat.eu