21 верасня Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пытанням адукацыі. У Telegram-канале «Пул Первого» мерапрыемства было анансаванае як «сур’ёзная размова». Цягнулася яна 2 гадзіны 50 хвілінаў. Мы паглядзелі, чаго ў выніку чакаць сістэме адукацыі Беларусі.
У нарадзе ўдзельнічалі профільныя куратары галіны адукацыі з ураду і Адміністрацыі Лукашэнкі, былы і цяперашні міністры адукацыі, старшыні аблвыканкамаў, рэктары ВНУ, старшыні камісіяў абедзвюх палатаў парламенту, кіраўнікі абласнога і раённага ўзроўняў, дырэктары школаў, настаўнікі, піша БелТА.
Лукашэнка заявіў, што не чакае ў выніку нарады глабальных пераменаў, бо ад іх стаміліся і настаўнікі, і вучні. Гэтак жа, як і ад перапісвання падручнікаў, якое Лукашэнка назваў «сур’ёзнай недапрацоўкай Міністэрства адукацыі». У выніку да якасці падручнікаў усё роўна застаюцца пытанні. Таму, на думку Лукашэнкі, трэба не друкаваць новыя падручнікі, а ўзяць за аснову савецкія.
«Яшчэ на педагагічным савеце 24 жніўня 2021 года я казаў пра недапушчальнасць пастаяннага перакройвання навучальных праграмаў і планаў і бясконцага выдання новых падручнікаў. Адзначаў, што неабходна вярнуцца да савецкага досведу, узяць найлепшыя дапаможнікі і іх паступова дапрацоўваць, удасканальваць, а не друкаваць новыя. […] Мы стаім, як я казаў, паўтараючы цытату вялікага, на плячах гігантаў. Не трэба саскокваць з гэтых плячэй – мы згубім усё тое, што чалавецтва напрацавала да нас», – сказаў Лукашэнка.
Якасць падручнікаў ацаніў таксама генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. Ён зазначыў, што ёсць спробы ўхіліцца ад задачы ўдасканальваць падручнікі, а не выдаваць новыя. Маўляў, падручнікаў усяго 7, а дапаможнікаў больш за 200, і так быць не можа.
«Складваецца адчуванне, што людзі зарабляюць на гэтым грошы, бо ствараюць так званыя навучальныя дапаможнікі, якія, з нашага пункту гледжання, мала адаптыўныя да сярэдняй школы», – выказаўся пракурор.
Настаўнікам і выкладчыкам на нарадзе было агучана, што яны абавязаныя арыентаваць моладзь на самарэалізацыю ў Беларусі, а «калі дзеці сыходзяць з гэтага шляху, то ў гэтым вінаватыя дарослыя».
«Усе касякі ў гэтым плане – ад нас, мы вінаватыя, не дзеці. Ці ў некага з нас мазгі не туды павернутыя, і яго заносіць на паваротах», – сказаў Лукашэнка.
Школьнікаў могуць пачаць залучаць да падтрымання добрага стану будынкаў школаў – фарбавання, замены вокнаў і дзвярэй.
«Школа – гэта храм. У гэтым, калі хочаце, увесь сакральны сэнс. Тут мусіць быць жалезны парадак і дысцыпліна як у арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў матэрыяльным плане. […] Школа закладае фундамент будучага не проста грамадзяніна – чалавека. Там, дзе трэба, мусіць быць падфарбавана, замененыя вокны, дзверы, акультураная тэрыторыя. І абавязкова ўсе працы трэба праводзіць з удзелам дзяцей», – перадае прэс-служба словы Лукашэнкі.
Таксама Лукашэнка мяркуе, што не трэба будаваць новыя школы ў мікрараёнах, трэба загружаць старыя, у цэнтрах гарадоў, найперш Менску, праз падвоз вучняў туды. А сродкі, што будуць ашчаджацца ў выніку адмовы ад будаўніцтва новых школаў, могуць быць скіраваныя на падвышэнне заробкаў настаўнікам.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец прапанаваў увесці адпрацоўку пасля навучання ў тым ліку для «платнікаў».
«І бюджэтнік, і платнік, па нашым меркаванні, павінны адпрацоўваць, – сказаў міністр. – Адпаведныя змяненні мы рыхтуем для ўнясення ў Кодэкс аб адукацыі».
Цяпер у Беларусі прадугледжаная адпрацоўка для выпускнікоў дзённай формы навучання на бюджэце цягам двух гадоў. Для мэтавікоў тэрмін адпрацоўкі складае не менш за 5 гадоў.
Па словах міністра адукацыі, летась былі цалкам перагледжаныя сумы выдаткаў дзяржавы на падрыхтоўку спецыялістаў.
«Фактычна, яны павялічыліся ў 2-3 разы. Напрыклад, выпускнік БДУ, які жадае сёння пакрыць сродкі за навучанне, за чатыры гады павінен заплаціць парадку 40-45 тысяч рублёў», – сказаў Іванец.
Паводле міністра, цяпер студэнт-платнік пакрывае толькі 50-70% сумы, якую на яго траціць дзяржава, таму, «фактычна, у нас паўплатная адукацыя».
«Мы гэтую праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Да гэтага мы ўжо прыступілі», – сказаў Андрэй Іванец.
Лукашэнка ў адказ зазначыў, што маладыя спецыялісты сёння з’язджаюць за мяжу, што «непрымальна для краіны». Таму для выпускнікоў усіх формаў навучання – і бюджэтнай, і платнай, павінны дзейнічаць «забаронныя ці хаця б паўзабаронныя» меры «хаця б цягам пяці гадоў, а для мэтавікоў – да сямі гадоў».
Закраналася на нарадзе і пытанне паступлення ў ВНУ. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што найлепшая форма ўступнай кампаніі – тая, што была сёлета: два цэнтралізаваныя экзамены і адно цэнтралізаванае тэставанне.
«Мы пакуль на гэтым спыняемся і даводзім людзям, каб яны ведалі, што на перспектыву мы будзем ісці гэтым шляхам», – сказаў Лукашэнка.
Старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў мяркуе, што механізм ЦТ добра адладжаны, аднак можна вярнуць вусныя экзамены для некаторых гуманітарны дысцыплінаў.
У канцы нарады Лукашэнка загадаў «скончыць усялякія шараханні і не перашкаджаць працаваць міністру адукацыі». А калі некаму недаспадобы міністр ці кіраўніцтва, ім трэба шукаць іншую працу.
«Вы разумееце мае намёкі і ведаеце, пра што ідзе гаворка», – сказаў Лукашэнка.
Рэгіянальныя кіраўнікі мусяць уладкоўваць практычныя пытанні.
«Міністр і ўрад мусяць бачыць там зверху, як яны там варушацца. Канкрэтныя пытанні школы: аўтобусы, харчаванне і іншае – гэта пытанні губернатараў і старшыняў райвыканкамаў. Займіцеся гэтым», – рэзюмаваў Лукашэнка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu