Падчас адукацыйнай нарады 21 верасня Лукашэнка пракаментаваў інфармацыю пра тое, што на месцы будынку аддзялення афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру ў Менску будуецца новая рэзідэнцыя за амаль 50 мільёнаў рублёў. Расследаванне на гэтую тэму надоечы апублікаваў BELPOL.
Расследаванне пра новую рэзідэнцыю Лукашэнка назваў ідэалагічным і інфармацыйным ціскам:
«Распачынаецца электаральная кампанія. Без настаўнікаў яна прайсці не можа. А вам, вось прысутным, прыйдзецца ўсё арганізаваць. На нас ужо пачаўся ідэалагічны і інфармацыйны ціск. Я ўжо заяўляў: чаму на мяне? Я не збіраюся ісці ў дэпутаты».
Па словах Лукашэнкі, старое рэабілітацыйнае аддзяленне Лечкамісіі адрамантавала ўпраўленне справамі прэзідэнта, пасля чаго ён даручыў размесціць «на другіх паверхах усе фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, котак і гэтак далей), дабрачынныя, сабраць пад адзін дах».
«Гэта прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю там, новую. Слухайце, мне хапае працоўных месцаў, дзе працаваць. <…>. Ёршыкі там, кажуць, нейкія ці то за 600, ці за колькі рублёў. Пытаюся – ды не, кажуць, ніякіх. Вось ідзе накат і выбіраюць цэнтральных людзей на каго націснуць і па кім ударыць», – сказаў Лукашэнка.
BELPOL 18 верасня выпусціў расследаванне, у якім гаворыцца аб рэканструкцыі будынку ў самым цэнтры Менску: выявілася, што ў палацыку, пазначаным на мапах як аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру, робяць чарговую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.
Гэты праект абыдзецца рэспубліканскаму бюджэту і «інавацыйнаму фонду» Упраўлення справамі Лукашэнкі ў не менш як у 43,6 млн беларускіх рублёў або, паводле курсу на момант напісання дакументацыі да аб’екту, у не менш як 14,2 млн долараў.
Пад рэзідэнцыю ўзялі ўжо існы будынак па адрасе Менск, Чырвонаармейская, 15. Гэта насупраць «прэзідэнцкай клінікі», блізу афіцыйнай Адміністрацыі прэзідэнта, Прэзідэнт-гатэлю, былой Нацыянальнай бібліятэкі (дзе цяпер Савет Рэспублікі) і парку Горкага. Каля будынку – даўно агароджаны сквер плошчай у тры футбольныя палі, былы парк юных натуралістаў. Увесь участак – 2,7 га.
Будынак плошчаю 4783 м² збудаваны ў 1968 годзе і ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У адрозненне ад «Палаца незалежнасці», гэты будынак – у стылі «савецкага класіцызму», месцамі нават нагадвае гістарычныя палацы, уласцівыя беларускім землям. Яго перадалі Упраўленню справамі Лукашэнкі яшчэ ў 1998 годзе.
BELPOL у сваім даследаванні падрабязна распавядае, як будзе выглядаць будучы палац. Колькі агулам на сённяшні дзень у Лукашэнкі палацаў, дакладна невядома, але не менш за 17.
Марыя Міхалевіч belsat.eu