«Да вечара можаш не дажыць». Палітзняволеныя жанчыны заклікаюць любымі спосабамі ратаваць тых, хто застаецца ў турмах


У Беларускім доме ў Варшаве 21 траўня адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Дня палітвязня. Былыя палітзняволеныя Дарʼя Афанасьева і Міа Міткевіч распавялі прысутным пра сілу і марнасць надзеі на ратаванне… «Людзей трэба вызваляць адтуль любымі даступнымі і недаступнымі метадамі!» – ледзь не крычаць жанчыны, якія нядаўна выйшлі на свабоду. «Белсат» пабываў на сустрэчы.

Былыя палітзняволеныя Дар’я Афанасьева і Міа Міткевіч паказваюць сукенкі, якія яны насілі ў калоніі. У Беларускім доме прайшла прэс-канферэнцыя з нагоды Дня палітвязня. Варшава, Польшча. 21 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Я распавядаю зараз пра канец 2021 года. На той момант людзі яшчэ нейкім чынам трымаліся. Мы ўсе тады шчыра верылі ў тое, што нас будуць ратаваць, што трэба пратрымацца яшчэ крыху – і нас абавязкова выратуюць. Перадавалі нават на волю цыдулкі з планам нашага выратавання… Бо знаходзіцца там невыносна. Дзень за днём прачынаешся з думкай, што да вечара можаш не дажыць… У выніку ж усе нашыя надзеі аказаліся марнымі. І кожнай жанчыне давялося ратаваць самую сябе», – распавядае пра сітуацыю ў жаночай калоніі № 4 напрыканцы 2021 года былая палітзняволеная Міа Міткевіч.

«Нікому не хацелася паміраць»

Паводле жанчыны, ужо на пачатку 2022 года шмат хто з асуджаных, як толькі «заязджаў» у калонію, пісаў «памілоўку» (просьбу аб памілаванні), бо «яны дакладна ўжо ведалі, што іх чакае – «распрацоўкі», катаванні і ўсё астатняе, што там выкарыстоўвае адміністрацыя калоніі».

«Нікому не хацелася трапляць у «распрацоўку», нікому не хацелася паміраць незразумела за што…» – кажа Міа Міткевіч.

Дарʼя Афанасьева, якая трапіла ў гомельскую калонію для жанчын у 2022 годзе, пабачыла там людзей, «покореженных» надзеяй. Але яна – надзея! – яшчэ цеплілася. Напрыклад, надзея на амністыю ці проста – на нейкую выпадковасць.

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева на прэс-канферэнцыі з нагоды Дня палітвязня.
Фота: Белсат

«Настрой там такі: ты трымаешся выключна надзеяй! Пастаянна круціш у галаве: а раптам?.. Чакаеш выратавання, адкуль толькі можна. А раптам нас уначы кудысьці вывезуць, каб мы падпісалі нейкія дакументы і кудысьці паехалі. Мне снілася, як мяне заводзяць у штаб, як я падпісваю паперы, як я…» – Дарʼя робіць паўзу – ёй не хапае паветра, каб дагаварыць да кропкі.

«Мы не змагаемся там…»

Дарʼя Афанасьева вызвалілася з калоніі два месяцы таму. Просьбу аб памілаванні, з яе словаў, яна так і не напісала. Але кажа, што ў 2023 годзе «памілоўкі» пісалі ўжо амаль усе.

«Тут, ужо на свабодзе, я пачула, якія мы там усе барацьбіткі, што мы там змагаемся. А мы не змагаемся там – у калоніі ты проста выжываеш… Ты спрабуеш проста выратаваць сябе, выратаваць усё, што ў цябе тут, унутры цябе. Хоць пра фізічнае здароўе я проста маўчу. Ты яго не можаш выратаваць, ты ўжо проста плывеш па цячэнні…» – апавядала былая палітзняволеная Дарʼя Афанасьева.

Рэпартаж
Знішчыць антызаапарк. У Варшаве адкрыўся праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark»
2024.05.11 15:04

На думку Дарʼі, перад Абʼяднаным кабінетам і перад усімі беларусамі, якія знаходзяцца на волі, павінна стаяць адна задача: выратаваць і выцягнуць палітзняволеных з турмаў і калоніяў «любымі даступнымі і недаступнымі метадамі». Няхай – праз перамовы, няхай – нават праз гандаль («Калі гэта назавуць гандлем – калі ласка»). Любымі спосабамі неабходна «даставаць адтуль людзей», бо «там ніхто ўжо не змагаецца». Жыцця там няма.

«Ты там проста на паўзе. Вось я села 27 снежня 2021 года, калі мне было 26 гадоў. І выйшла 28 сакавіка 2024 года. І мне зараз 26 – не 29. У мяне ў галаве не ўкладаецца, што былі аддадзеныя тры гады жыцця. І за што? За тое, каб я ўцякала са сваёй роднай краіны? І што? Вось я адседзела – і дзе мая карʼера, дзе маё здароўе, дзе мая сямʼя, сяброўкі? Нічога гэтага няма!» – гаварыла Дарʼя Афанасьева.

«Усе ў адзін голас кажуць: вызваляйце нас любым магчымым спосабам!»

Былая палітзняволеная выказалася таксама наконт меркавання, што, каб Беларусь стала свабодная – патрэбныя ахвяры.

«Я не лічу, што жанчыны, якія там зараз утрымліваюцца, мусяць плаціць за тое, каб Беларусь стала вольнай і перамагла. Упэўненая, што перамога мае дасягацца нейкімі іншымі шляхамі», – падсумавала Дарʼя Афанасьева.

Міа Міткевіч распавядала на прэс-канферэнцыі пра палітзняволеную Вольгу Маёраву, асуджаную на 20 гадоў калоніі, якая «мае сілы не ўпусціць ў сябе турму», пра Алену Гнаўк, якая «спрабавала дагрукацца да самых апошніх «шасцёрак» на зоне», пра Паліну Шарэнду-Панасюк

Муж Ірыны Слаўнікавай Алесь Лойка выступае па відэасувязі на прэс-канферэнцыі з нагоды Дня палітвязня.
Фота: Белсат

«Пра што мы зараз гаворым? Гэтыя людзі – нашая эліта. Самыя шчырыя, развітыя і сумленныя людзі, якія знаходзяцца зараз… як на вайне», – сцвердзіла Міа Міткевіч.

У рэжыме «анлайн» узяў удзел у прэс-канферэнцыі муж палітзняволенай журналісткі «Белсату» Ірыны Слаўнікавай і заснавальнік Абʼяднання сваякоў палітвязняў Аляксандр Лойка. На яго думку, пытанне дапамогі палітвязням «стала ў тупік».

«Нашыя сваякі ў турмах не змогуць зразумець, калі мы нічога не будзем рабіць тут. І нам трэба зразумець, што гэтую працу нам прыйдзецца рабіць, як бы нам некаторыя людзі ні перашкаджалі. Я размаўляў з людзьмі, якія былі ў калоніі разам з маёй жонкай і вызваліліся. Усе ў адзін голас кажуць: змагайцеся за нас! Вызваляйце любымі магчымымі спосабамі!» – казаў Аляксандр Лойка.

Рэпартаж
«Ува снах вяртаешся дадому…» У Варшаве адкрылася выстава пра эмігрантаў з Беларусі
2024.05.19 16:04

Былая палітзняволеная Вольга Скрашчук распавяла падчас сустрэчы пра 14 жанчын, якія адбывалі тэрміны па так званай «справе Зельцара».

«У гэты дзень я хачу сказаць, што мы можам расказваць такіх гісторыяў вельмі шмат, і гэта заўжды гісторыі пра стойкасць і мужнасць», – казала Вольга Скрашчук.

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева паказвае сукенку, якую яна насіла ў калоніі.
Фота: Белсат

«Але калі-небудзь будзе суд»

Пра тое, што зараз адбываецца з беларускай адвакатурай, распавёў на спатканні эксперт праекту «Права на абарону» юрыст Максім Палавінка. Ён заўважыў, што добрай ілюстрацыяй, каб апісаць стан, у якім апынуліся абаронцы, паслужыла б тое, як 9 траўня 2023 года адвакаты Менскай гарадской калегіі ўсклалі кветкі да помніку лётчыку… Акрэсціну. Беларуская адвакатура разбураная практычна цалкам («застаюцца лічаныя адзінкі»), лічыць юрыст.

«Адбылася падмена кліента. Зараз кліент адвакатуры – гэта дзяржава. А не падабаронны.  Усё ідзе менавіта ў гэтым кірунку. Таму тых надзеяў няма не толькі ў палітвязняў, але і ў тых, хто павінен бараніць іх.  Гэта яшчэ больш пагаршае агульны стан», – канстатаваў Максім Палавінка.

Дзякавала палітзняволеным за вытрымку і рашэнне распавесці свае гісторыі публічна спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн, якая прысутнічала на імпрэзе. Яна выказала разуменне таго, што «пра самыя страшныя рэчы» палітвязні пакуль што не распавядаюць журналістам, каб не нашкодзіць тым, хто застаецца ў зняволенні. Але заклікала сведчыць пра «самае страшнае» экспертам Рады па правах чалавека, якім пра ўсе жудасці можна распавесці ананімна.

«Мы не ведаем, калі гэтыя вашыя сведчанні будуць выкарыстаныя. Але калі-небудзь будзе суд, будзе незалежны міжнародны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. І будзе іншая Беларусь. І вельмі важна, каб такое ніколі не паўтарылася, а вінаватыя панеслі адказнасць», – сцвердзіла Анаіс Марэн.

Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк выказаў падзякі Анаіс Марэн, а таксама польскай дзяржаве за прыязнае стаўленне да беларусаў, але не мог не заўважыць, што польскі МЗС скараціў бюджэт дапамогі на развіццё, прызначаны дэмакратычнай Беларусі. Паведаміў, што падобная сітуацыя і са сродкамі ЕЗ.

Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, задае пытанне ўдзельнікам прэс-канферэнцыі.
Фота: Белсат

«І гэта значыць, што магчымасцяў, каб дапамагчы палітвязням, будзе яшчэ менш», – адзначыў Алесь Зарэмбюк.

«Мы ў крызісе»

«Мы ў крызісе. У вельмі глыбокім крызісе. Бо тое, што нам расказалі сёння дзяўчыны… Я вам шчыра скажу: я, як чалавек, які працуе з палітвязнямі, пра 80 % пачутага ад іх нікому не расказваю», – казала напрыканцы сустрэчы стваральніца праваабарончай ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая. Яна заклікала донараў пільна сачыць за дзеяннямі некаторых ініцыятываў, прадстаўнікі якіх пачалі называць сваякоў палітвязняў «адбельвацелямі рэжыму».

Яўгенія Доўгая прамаўляе падчас прэс-канферэнцыі з нагоды Дня палітвязня у Беларускім доме ў Варшаве.
Фота: Белсат

21 траўня адзначаецца беларускай дэмакратычнай супольнасцю як Дзень палітвязня. У гэты дзень тры гады таму ў калоніі № 17 быў забіты Вітольд Ашурак. На момант публікацыі гэтага матэрыялу за кратамі ў Беларусі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», знаходзілася 1392 палітвязні. Праваабарончая ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1541 палітычнага зняволенага. Колькі дакладна людзей трапілі ў лукашэнкаўскія турмы і калоніі з-за сваёй палітычнай пазіцыі – не ведае ніхто. Іх можа быць удвая ці ўтрая больш.

Прэс-канферэнцыя ў Дзень салідарнасці з палітвязнямі была арганізаваная ініцыятывай «Палітвязынка» ў супрацы з Беларускім домам у Варшаве.

Каментар
Брат Вітольда Ашурка: «Справа аб яго забойстве раскрытая, будуць пакараныя ўсе вінаватыя»
2024.05.21 17:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў