Спецслужбы Польшчы сцвярджаюць, што краіна доўгі час застаецца «пад прыцэлам Расеі». Пра гэта ў Twitter заявіў прадстаўнік польскіх службаў бяспекі Станіслаў Жарын.
«Шмат гадоў Польшча застаецца пад прыцэлам Расеі, якая выкарыстоўвае прапаганду і дэзынфармацыю супраць Польшчы. Крэмль здзяйсняе розныя захады, у выніку чаго наносіцца ўдар па фундаментальным праве палякаў на ўласную дзяржаўнасць і бяспеку», – адзначыў Жарын.
Паводле яго, «Расея спрабуе пераканаць расейскае грамадства і Захад, што Польшча не мае права на суб’ектнасць, не мае ўспрымацца сур’ёзна супольнікамі і мусіць быць «шэрай зонай» паміж NATO і Расеяй».
Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, генерал Станіслаў Козей падкрэсліў важнасць бітвы за Данбас. Яе вынік можа быць вызначальным для будучыні Украіны, а таксама краінаў Балтыі ды Польшчы:
«Магчымы напад войскаў Пуціна на краіны Балтыі ці Польшчу – не палітычная фікцыя. Гэта вельмі імаверная сітуацыя, што можа адбыцца, але толькі ў выпадку поўнай перамогі Расеі ва Украіне».
На думку Станіслава Козея, на хвалі эйфарыі ад перамогі над Украінаю расейскі народ будзе больш трывала «несці нягоды, звязаныя ў тым ліку з санкцыямі». І ў выніку пасля некалькіх гадоў аднаўлення сваіх узброеных сілаў Расея магла б пачаць новы наступ, напрыклад, на сувальскі калідор у бок Калінінграду.
Якуб Хруст belsat.eu