Пуцін надаў новае званне намесніку дырэктара ФСВП, які катаваў Навальнага


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін узнагародзіў намеснік дырэктара Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) новым званнем. Указ быў апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі праз тры дні пасля раптоўнай смерці ў калоніі апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

Валерый Баярынеў.
Фота: theins.ru

Прэзідэнт РФ надаў намесніку дырэктара ФСВП Валерыю Баярыневу спецыяльнае званне генерал-палкоўніка ўнутранай службы. Як піша «The Insider», чыноўнік асабіста аддаваў распараджэнні абмяжоўваць правы Аляксея Навальнага, у прыватнасці, абмежаваў суму, на якую асуджаны палітык мог купляць ежу ў зняволенні. У 2021 годзе Баярынеў каментаваў справу Навальнага і нагадваў журналістам, што таго пазбавілі права галасаваць на выбарах.

Паводле кіраўнік праекту «Гулагу – не» Уладзіміра Асечкіна, Баярынеў курыраваў катаванні ўкраінскіх палонных і Навальнага ў сістэме ФСВП.

Маці патрабуе выдаць цела

Тым часам бацькі памерлага палітвязня дагэтуль не могуць пабачыць ягонае цела. Маці Навальнага ў адмысловым відэазвароце запатрабавала ад Пуціна выдаць цела яе сына.

«Пяты дзень я не магу ўбачыць яго, мне не выдаюць ягонае цела і мне нават не гавораць, дзе ён знаходзіцца. Я звяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін, вырашэнне пытання залежыць толькі ад вас. Дайце мне, нарэшце, убачыць майго сына. Я патрабую неадкладна выдаць цела Аляксея, каб я магла яго па-чалавечы пахаваць», – сказала Людміла Навальная.

Яна таксама напісала пісьмовы зварот да расейскага прэзідэнта з патрабаваннем выдаць цела яе сына.

Пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі расейскія ўлады паведамілі 16 лютага. Яму было 48 гадоў. Інфармацыі аб прычах смерці пакуль няма. Цела Навальнага цяпер знаходзіцца ў моргу акруговага клінічнага шпіталю Салехарду. На дзень 17 лютага ўскрыцця не праводзілі. Паводле крыніцы выдання «Новая газета Европа», мясцовым патолагаанатамам ускрыццё рабіць забаранілі. Сваякоў да цела не дапускаюць.

Hавiны
Суддзя Кучук асудзіла BYPOL і ў той жа дзень пайшла на павышэнне
2024.02.17 16:45

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў