Уладзімір Пуцін правёў штогадовую наўпроставую лінію з расяянамі на тэлеканале «Россия-24». Асабліва людзей у гэтым годзе хвалюе сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны, далучэнне Крыму і рэакцыя прэзідэнта РФ на падзеі.
У сваім выступе Пуцін назваў глупствам заяву Кіева і Захаду аб тым, што на ўсходзе Украіны ёсць расейскія войскі ды спецслужбы: «Лухта гэта ўсё. Няма на ўсходзе ніякіх расейскіх падраздзяленняў. Няма ні спецслужбаў, ні інструктараў, гэта ўсё мясцовыя грамадзяне. І найлепшы доказ гэтага – тое, што ў наўпроставым сэнсе слова людзі знялі маскі».
{movie}Наўпроставая лінія з Пуціным: Расея не далучала Крым сілаю. |right|15959{/movie}
Прэзідэнт Расеі ўпершыню публічна прызнаў, што «зялёныя чалавечкі» у Крыме – расейскія вайскоўцы: «У размовах з замежнымі калегамі я і не хаваў, што нашая задача палягае на тым, каб забяспечыць свабоднае волевыяўленне крымчанаў. Таму мы мусілі зрабіць неабходныя захады, каб падзеі не развіваліся гэтак, як яны сёння развіваюцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны. Таму за спінаю сілаў самаабароны Крыму, вядома, сталі нашыя вайскоўцы. Яны дзеялі вельмі карэктна, але рашуча і прафесійна».
Пуцін апавёў, што Крэмль не рыхтаваўся да захопу паўвострава, а зрабіў гэта нібыта на жаданне саміх крымчанаў: «Расея ніколі не планавала ніякіх анексіяў. Але мы таксама заўсёды думалі, што нашыя людзі будуць жыць у камфортнай для сябе абстаноўцы. А вось калі паўстала сітуацыя з магчымымі пагрозамі ды ўціскам, мы і задумаліся пра падтрыманне крымчанаў».
Расейскі лідар нагадаў, што Савет Федэрацыі дазволіў яму ўвесці войскі ўва Украіну, але спадзяецца не скарыстацца гэтым правам: «Я нагадваю, што Савет Федэрацыі даў прэзідэнту права выкарыстоўваць узброеныя сілы ўва Украіне. Вельмі спадзяюся, што мне не давядзецца скарыстацца гэтым правам, і што палітычна-дыпламатычнымі сродкамі нам удасца развязаць усе вострыя праблемы сённяшняга дня ўва Украіне… Мы дакладна ведаем, што мусім дапамагчы гэтым людзям абараніць свае правы і самастойна вызначыць свой лёс, і за гэта мы будзем змагацца».
Расейскі прэзідэнт яшчэ раз адзначыў, што па-ранейшаму лічыць уладу ўва Украіне незаконнай, а выбары новага прэзідэнта – немагчымымі ў рэчышчы Канстытуцыі краіны: «Паводел Канстытуцыі Украіны, калі яе не памяняць, новыя прэзідэнцкія выбары пры наяўнасці юрыдычна дзейнага прэзідэнта Віктара Януковіча праводзіць немагчыма. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нельга абіраць новага прэзідэнта, калі ёсць жывы, дзейны, юрыдычна паўнавартасны прэзідэнт. Калі ўва Украіне хочуць, каб выбары былі легітымнымі, трэба змяніць Канстытуцыю, казаць пра федэралізм, дэцэнтралізацыю…»
ДР, belsat.eu