У Беларусі вызначылі дзень рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену: 27 студзеня налета. У ёй возьмуць удзел 58 тысячаў школьнікаў, што на 5 тысячаў болей, чымся сёлета, перадае БелТА. На запланаванай рэпетыцыі можна будзе здаць іспыт па беларускай або рускай мове – летась такой магчымасці не было.
Рэпетыцыйныя іспыты пройдуць у 144 пунктах ва ўмовах, блізкіх да «баявых». Мэта гэтага тэставання – падрыхтавацца да сапраўдных экзаменаў.
«Рэпетыцыя цэнтралізаванага іспыту ладзіцца дзеля таго, каб выпускнікі 11-х класаў змаглі прайсці поўную працэдуру, пачынаючы з прыезду, падвозу – для тых, хто знаходзіцца ў сельскіх паселішчах, – запаўнення бланкаў. Таксама гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы», – сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Ён запэўніў, што структура і складанасць тэстаў на рэпетыцыі будуць цалкам адпавядаць структуры і складанасці тэстаў на цэнтралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэставанні.
Школьнікі змогуць выбраць любы прадмет, які захочуць здаць, у тым ліку беларускую або рускую мову – сёлета іх у пераліку не было.
«Мінулую рэпетыцыю мы ладзілі па экзамене «прадмет на выбар» без дзяржаўнай мовы. Гэтым разам дзеці змогуць выбраць у тым ліку адну з дзяржаўных моваў», – паведаміў міністр.
Плануецца, што вынікі рэпетыцыйнага трэставання стануць вядомыя праз два тыдні, цягам яшчэ тыдня ўсе ўдзельнікі экзамену атрымаюць свае адзнакі. Праўда, ацэнкі ні на што не паўплываюць і залічыць іх нідзе нельга.
У рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену возьмуць удзел больш за 58 тысячаў адзіннаццацікласнікаў, гэта на 5 тысячаў болей, чымся мінулым разам.
Сцяпан Кубік belsat.eu