Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала змены ў заканадаўства з мэтай «абароны традыцыйных каштоўнасцяў беларускага грамадства і дзяржавы». Згодна з імі будзе прадугледжана ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў і «свядомай бяздзетнасці», паведамляе арганізацыя былых сілавікоў «BELPOL».
Так, за распаўсюджанне інфармацыі, накіраванай на фармаванне прывабнасці «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў, або інфармацыі, якая можа выклікаць цікавасць да такіх адносінаў, прадугледжаныя штрафы да 200 базавых велічыняў (7400 рублёў).
Такое ж пакаранне прадугледжанае за папулярызацыю свядомай адмовы ад нараджэння дзяцей у любой форме.
У хуткім часе, піша «BELPOL», новаўвядзенні мусяць быць прынятыя парламентам і адпраўленыя на подпіс Лукашэнку.
«З улікам рэальнай адсутнасці ў Беларусі законаў, пад вышэйпрыведзеныя фармулёўкі можна падагнаць любыя выказванні на тэму ЛБГТ і планавання сям’і і ўжо пасля ладзіць рэпрэсіі непажаданых рэжыму людзей і СМІ нібыта за парушэнні заканадаўства», – адзначаюць былыя сілавікі з «BELPOL».
Нагадаем, што ў лістападзе 2022 года ў Расеі быў прыняты законапраект аб поўнай забароне прапаганды ЛГБТ, педафіліі і змены пола ў рэкламе, кнігах, кіно і СМІ.
Раман Шавель belsat.eu