У крымскім лагеры «Артэк» заявілі «Белсату», што ўстанова працуе ў звычайным рэжыме, а на выпадак надзвычайных сітуацыяў маецца план пільнай эвакуацыі дзяцей. У летніку зараз адпачываюць 33 падлеткі з Беларусі.
У лагеры «Артэк» сцвярджаюць, што там бяспечна, нягледзячы на атаку на Крымскі мост і выбухі на складзе боепрыпасаў у Кіраўскім раёне акупаванай рэспублікі.
На пытанне карэспандэнта «Белсату», ці пагражае што-небудзь дзецям, супрацоўніца інфалініі адразу разгубілася:
«Я нават не ведаю, што вам адказаць. На тэрыторыі «Артэка» спакойна, дзеці адпачываюць, экскурсіі – усё ў штатным рэжыме. Лагер працуе. Не хвалюйцеся».
У лагеры таксама запэўнілі, што на выпадак надзвычайных сітуацыяў маецца план экстраннай эвакуацыі:
«Яшчэ летась пытанні тэрміновага вывазу дзяцей адпрацаваныя ў штабе, гэта на кантролі, гэтым займаюцца. Аддзел унутранай бяспекі гэтым займаецца».
Дзяцей вывезуць, нават калі «з мостам нешта здарыцца», заявіла суразмоўніца «Белсату»: «Дзяцей вывезуць, не хвалюйцеся. Усё прадугледжана».
Зараз у «Артэку» знаходзяцца 33 школьнікі з Беларусі. Бясплатную трохтыднёвую паездку забяспечыў Расейскі цэнтр навукі і культуры – установа дзяржаўнага расейскага агенцтва ў справах суайчыннікаў, якія жывуць за мяжою, і ў міжнароднай гуманітарнай супрацы.
Сёння, напрыклад, для дзяцей зладзілі «матывацыйную сустрэчу» са спікеркаю расейскага МЗС, а таксама вайскова-патрыятычную гульню «Зарніца».
Як раней даведаўся «Белсат», у санаторыі «Белоруссия», што знаходзіцца ў Крыме і належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі, зараз адпачываюць 200 гасцей, 120 з іх – беларусы. У гэтай установе таксама ўпэўненыя, што з бяспекаю на акупаваным паўвостраве ўсё добра, і адмаўляцца ад паездак туды не варта.