Прасвету не відаць: выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць і 28 гадзінаў


У Берасці ў чарзе на выезд у Польшчу налічылі 300 легкавікоў – гэта звесткі Памежнага камітэту Беларусі на 8:00 раніцы. У чатах пішуць, што на мінанне мяжы сыходзіць 27–29 гадзінаў.

Чарга з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на польска-беларускай мяжы каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Як паведамляе Памежны камітэт, а 8:00 раніцы ў чарзе перад «Варшаўскім мостам» налічвалася 300 легкавікоў, у «Каменным Лозе» – 110, у «Беняконях» – 70, у «Грыгораўшчыне» – пуста.

Паводле сведчанняў у Telegram-чатах, беларуска-польскую мяжу цяпер мінаюць за 27–29 гадзінаў. У аўторак, як пісалі падарожнікі, былі затрымкі і на шляху ў Беларусь, чакаць даводзілася каля 9–10 гадзінаў. Наракалі на беларускіх мытнікаў:

«Дагляд у нашых – вельмі пільны».

Праз «Каменны Лог» у Літву «прарываюцца» прыкладна за 11 гадзінаў. Дадому, як паведамляюць падарожнікі, вялікіх чэргаў няма, аднак і тут беларускія службоўцы старанна даглядаюць рэчы:

«Поўны дагляд і пакупкі на шалі».

У «Беняконях» усё кепска, як і ў Берасці: тыя, хто сёння мінуў мяжу, правялі ў чарзе каля 30 гадзінаў. Пішуць, што «літоўцы вельмі марудна працуюць», прапускаюць у сярэднім пяць аўтаў за гадзіну.

Шлях у ЕЗ праз «Грыгораўшчыну» – самы хуткі. Увечары ў аўторак там была чарга з 50 легкавікоў, падарожнікі чакалі 9–15 гадзінаў, сёння раніцай там пуста, на мінанне мяжы спатрэбіцца 50 хвілінаў.

Hавiны
Транспартная міліцыя ладзіць рэйды каля польскай мяжы
2024.06.12 20:40

Паводле Памежнага камітэту, аўтобусная чарга на выезд з Беларусі ёсць толькі ў Берасці (там іх 12). Чакаюць каля 10 гадзінаў.

У «Каменным Лозе» мяжу мінаюць за пяць гадзінаў. «На дзіва хутка», – пішуць пасажыры аўтобусаў.

Аўтобусам праз «Беняконі» – самы шпаркі варыянт, чакаць даводзіцца толькі 3–3,5 гадзіны.

Агляд
«Уначы – мёртва». У чэргах на выезд з Беларусі налічылі 700 легкавікоў, час чакання ў «Беняконях» – 29 гадзінаў
2024.06.16 11:56

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў