Курс расейскага рубля рэзка ірвануў угору. Чаму так адбываецца


Гандляванні на Беларускай валютна-фондавай біржы 19 чэрвеня скончыліся рэзкім ростам расейскага рубля. Таксама нязначна падаражэлі еўра і юань, а долар патаннеў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія рублі.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr

Расейскі рубель падаражэў адразу на 4,21 %, ці на 15,18 капейкі. Цяпер за 100 расейскіх рублёў даюць 3,7565 беларускага рубля.

Долар патаннеў на 0,82 %, ці на 2,6 капейкі, да 3,1599 рубля.

Еўра падаражэў на 0,09 %, ці на 0,32 капейкі, да 3,5358 рубля.

Курс юаня вырас на 0,34 %, ці на 1,45 капейкі. 10 юаняў цяпер каштуюць 4,2786 рубля.

Пілападобныя арэлі валютнага рынку

Узмацненне расейскага рубля эксперты з РФ тлумачаць шэрагам фактараў – ад росту цэнаў на нафту да амерыканскіх санкцыяў.

«Мы не гатовыя наўпрост тлумачыць умацаванне рубля рыўком угору коштаў на нафту праз напружанне на Блізкім Усходзе. Хутчэй, ідзе асэнсаванне, як будзе функцыянаваць фінансавая інфраструктура (у тым ліку міжнародныя разлікі) пасля санкцыяў на «Маскоўскую біржу». Таксама высокая нявызначанасць напярэдадні экспірацыі ў чацвер чэрвеньскіх ф’ючарсаў», – мяркуюць аналітыкі «Росбанку».

На іх думку, «ва ўмовах нізкай празрыстасці валютны рынак, верагодна, правядзе найбліжэйшы час у рэжыме «пілападобных арэляў».

Міністэрства фінансаў ЗША 12 чэрвеня ўвяло новыя санкцыі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. З прычыны ўвядзення абмежавальных захадаў у дачыненні групы «Маскоўская біржа» на ёй прыпыніліся біржавыя таргі і разлікі паставачных інструментаў у доларах ЗША і еўра. Праз гэтыя санкцыі чакаецца падзенне беларускага рубля.

Каментар
Беларускаму рублю прадраклі падзенне праз санкцыі супраць Маскоўскай біржы
2024.06.13 14:15

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў