Футбалістаў зборнай Украіны прапануюць забраць на фронт, а лідару французаў зламалі нос


На чэмпіянаце Еўропы па футболе ў Нямеччыне завяршыўся першы тур групавога этапу. Падводзім яго вынікі. Чым здзівілі гаспадары, чаму расчаравалі англічане, хто забіў самы хуткі гол у гісторыі – гэтыя і іншыя моманты ў нашым аглядзе.

Паўабаронца зборнай Албаніі Чазім Лячы забівае першы гол сваёй каманды ў браму галкіпера зборнай Харватыі Домініка Лывакавіча падчас футбольнага матчу групы «В» «Еўра-2024» паміж Харватыяй і Албаніяй. Гамбург, Нямеччына. 19 чэрвеня 2024 года.
Фота: John Macdoudall / AFP / East News

Нямецкі танк раздавіў шатландцаў

Нямеччына – Шатландыя 5:1, Швейцарыя – Вугоршчына – 3:1.

Гульня ў дзень адкрыцця паміж немцамі і шатландцамі выйшла яркай і прайшла пад поўным кантролем гаспадароў. Яе лёс немцы вызначылі яшчэ ў першым тайме, забіўшы тройчы запар. Першы гол у фінальным турніры «Еўра-2024» на рахунку новай зоркі сусветнага футболу – Флёрʼяна Вірца. 21-гадовы паўабаронца ўжо выгуляў моладзевы чэмпіянат Еўропы, а сёлета правёў фантастычны сезон – ягоны «Баер» (Левэркузэн) здабыў на радзіме ўсе магчымыя трафеі і дабраўся да фіналу Лігі Еўропы, выдаў серыю без паразаў у 51 гульні, а сам Вірц значна падняў свой трансферны кошт да 130 мільёнаў  еўраў. У выніку немцы перамаглі з лікам 5:1. Пры гэтым было забіта сем галоў, але адзін з іх не залічылі, а яшчэ аднойчы абаронца мадрыдскага «Рэалу» Антоньё Рудыгер выпадкова пацэліў у сваю браму. Пазней у сеціве жартавалі, называючы яго найлепшым бамбардзірам «Еўра» ў складзе зборнай Шатландыі.

У іншай гульні гэтай групы Швейцарыя з лікам 3:1 перамагла Вугоршчыну. У выніку гэтыя каманды заявілі пра свой намер згуляць у плэй-оф. Цяпер для гэтага ім дастаткова выгуляць адну гульню з дзвюх, што засталіся. Працяг спаборніцтваў у гэтай групе ўжо сёння, 19 чэрвеня, калі згуляюць Нямеччына і Вугоршчына, Швейцарыя і Шатландыя.

Самы хуткі гол у гісторыі «Еўра»

Іспанія – Харватыя – 3:0, Італія – Албанія – 2:1.

Усе чакалі сапраўднай бітвы ад гульні іспанцаў і харватаў, але ўсё скончылася буйной перамогай іспанцаў – 3:0. Вынік яны зрабілі за 16 хвілінаў да канца першага тайму. Спачатку забіў Марата з мадрыдскага «Атлетыка», потым Руіс з французскага ПСЖ, а кропку паставіў абаронца мадрыдскага «Рэалу» Даньель Карвахаль, той самы, якія нядаўна забіў у фінале Лігі чэмпіёнаў. Пасля гульні лідар харватаў Лука Модрыч ды іншыя гульцы гэтай зборнай выглядалі вельмі разгубленымі.

Паўабаронца зборнай Іспаніі Фаб’ян Руіс святкуе забіццё другога голу сваёй каманды падчас футбольнага матчу групы «В» «Еўра-2024» паміж Іспаніяй і Харватыяй. Берлін, Нямеччына. 15 чэрвеня 2024 года.
Фота: Christophe Simon / AFP / East News

А ў другой гульні гэтага квартэту вогненны матч выдалі італьянцы (дзейныя чэмпіёны Еўропы) і албанцы. Яшчэ нядаўна Албанія лічылася аўтсайдарам і саступала ў футболе Беларусі, але з таго часу шмат чаго змянілася. Краіна прыехала ўжо на другое сваё «Еўра», а стадыён у Дортмундзе на 70 % запоўнілі яе заўзятары, было адчуванне, што гульня адбываецца не ў Нямеччыне, а ў Тыране. Цікава, што албанцаў у свеце 6,5 мільёна, і толькі крыху больш за 2 мільёны жывуць у самой Албаніі.

Адзначым, што ў стартавым складзе краіны выйшлі адразу пяць футбалістаў, якія гуляюць у італьянскай серыі «А», і ўжо на 23-й секундзе адзін з іх – Нэдым Байрамі – адкрыў лік. Цяпер гэта самы хуткі гол у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы. Цікавы факт, што цэлых 28 гадоў рэкорд належаў беларусу. У 1988 годзе Сяргей Алейнікаў пацэліў у браму зборнай Англіі на 2-й хвіліне і 7-й секундзе. Рэкорд беларуса толькі ў 2016 годзе пабіў ірландзец Робэрт Брэйдзі.

Італія даволі хутка вярнулася ў гульню, выйшла наперад, утрымала пераможны лік і паказала, што яна адзін з фаварытаў «Еўра-2024».

Англія расчаравала ўсіх

Англія – Сербія 1:0, Славенія – Данія 1:1.

У зборнай Англіі – самая лепшая на гэтым турніры атака, але каманда гуляе ў сапраўды антыфутбол. Адзіны гол у матчы Англіі і Сербіі ўзнік дзякуючы майстэрству Джуда Бэлінгэма, а гульня ўсталявала антырэкорд у гісторыі «Еўра» паводле колькасці стрэлаў у браму: іх на дваіх было ажно 11. А перад гульнёю сербскія фанаты, сярод якіх нямала расейцаў, справакавалі бойку з англічанамі.

У другім матчы гэтай групы нічыёй, 1:1, скончыўся двубой славенцаў і датчанаў. Аўтар голу зборнай Даніі – Крыст’ян Эрыксэн, які на мінулым «Еўра» проста на полі перажыў спыненне сэрца і здолеў не толькі захаваць жыццё, але і вярнуцца ў гульню.

Мбапэ зламалі нос, Грызману разбілі твар

Францыя – Аўстрыя – 1:0, Нідэрланды – Польшча – 2:1.

Зборная Аўстрыі не шкадавала ні сябе, не суперніка, яна навязала зборнай Францыі жорсткі футбол. У выніку лідару французаў Мбапэ зламалі нос (і ён прапусціць найбліжэйшыя дзве гульні), а Грызман уляцеў у рэкламны шчыт і разбіў твар. Але аўстрыйцы ўсё ж саступілі, забіўшы мяч ва ўласную браму.

Форвард зборнай Францыі Кільян Мбапэ атрымлівае медычную дапамогу пасля таго, як зламаў нос падчас сутыкнення ў скачку з іншым гульцом на футбольным матчы групы «D» «Еўра-2024» паміж Аўстрыяй і Францыяй. Дусэльдорф, Нямеччына. 17 чэрвеня 2024 года.
Фота: Ozan Kose / AFP / East News

Палякі адкрылі лік у гульні з Нідэрландамі, але перамогу выпусцілі з рук у самай канцоўцы. Аднак польскія заўзятары адзначылі, што гульня зборнай выйшла на новы ўзровень, і гэта без лідара каманды – траўмаванага Робэрта Левандоўскага.

Украінскія заўзятары просяць адправіць сваіх футбалістаў у войска

Украіна – Румынія – 0:3, Славаччына – Бельгія – 1:0

Жарты пра гэта зʼявіліся ў сеціве пасля бязвольнай паразы Украіны ад Румыніі – 0:3. А ў іншым матчы гэтай групы нарадзілася сапраўдная сенсацыя: Славаччына перамагла Бельгію з лікам 1:0. Цікава, што форвард бельгійцаў Рамэлю Люкакю адказаў на гэта галявым дублем, але абодва мячы былі адмененыя пасля прагляду VAR.

Яркі дэбют грузінаў

Турцыя – Грузія – 3:1, Партугалія – Чэхія – 2:1.

Першы матч у сваёй гісторыі ў фінальным турніры «Еўра» правялі грузіны. Яны згулялі са сваймі суседзямі з Турцыі. Шмат хто назваў гэтую гульню найлепшай на турніры. Грузіны згулялі так, як жывуць – святочна, ярка і прыгожа – і хоць саступілі 1:3, выклікалі сімпатыю ў публікі. Захапіла, прынамсі, тое, што на дваіх каманды зрабілі 36 удараў у браму.

У іншай гульні гэтай групы Чэхія дала сапраўдны бой Партугаліі. Чэхі адкрылі лік, а ўдача была на баку суперніка: Партугалія здабыла перамогу ў самай канцоўцы гульні.

Беларус Дзяніс: там сапраўды святочная атмасфера

Наш зямляк Дзяніс разам са сваім сябрам вырваўся на пару дзён у Нямеччыну, а пасля распавёў пра свае ўражанні «Белсату».

– Быў у Берліне і Гамбургу. На самыя матчы мы ўжо не трапілі, бо квіткі на іх даўно распрададзеныя, а ў перакупаў кошты вельмі высокія. І мы пастанавілі, што можна глядзець футбол у фан-зонах, пагатоў, з майго досведу, там заўжды весела. У Берліне ёсць дзве фан-зоны, яны побач адна з адной. Мы трапілі на гульню Іспанія – Харватыя. Была класная атмасфера, людзі разам пілі піва, спявалі. Харватаў было крыху болей. Адзінае, што піва каштавала 6 еўраў за куфаль. Лічу, што гэта крыху зашмат. Потым мы глядзелі матч Албанія – Італія, там стаяў куб з чатырма экранамі. На наступны дзень мы паехалі ў Гамбург – там быў матч палякаў з галандцамі. У гэтым горадзе фан-зона троху горшая, там менш экранаў, чым у берлінскіх. Уразіла колькасць галандцаў, і ўсе ў памаранчавым! Калі іх каманда на апошніх секундах забіла пераможны гол, яны зладзілі сапраўдную дыскатэку.

Другі тур групавога этапу «Еўра» пачынаецца 19 чэрвеня.

Агляд
Далей глядзім разам: Еўра-2024 ды Copa America
2024.06.19 20:12

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў