Далей глядзім разам: Еўра-2024 ды Copa America


20 чэрвеня стартуе ўжо 48-е Разыгранне Кубка Амерыкі па футболе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Майкл Мурыльё з Панамы змагаецца за мяч з парагвайцам Матыясам Рохасам падчас таварыскага футбольнага матчу напярэдадні Кубка Амерыкі 2024. Панама, Панама. 16 чэрвеня 2024 года.
Фота: Matias Delacroix / AP Photo / East News

Няма сэнсу спрачацца ці шукаць абʼектыўнасці ў пытанні, дзе футбол больш мацнейшы ці папулярнейшы. Для нас, еўрапейцаў, канечне, найважнейшым з’яўляецца Еўра, што значна бліжэй паводле ўспрыняцця і разумення, паўднёваамерыканскія заўзятары будуць біць у грудзі, адстойваючы думку, што менавіта там футбол самы сапраўдны і якасны. Хаця б з-за таго, што чэмпіянат Амерыкі старэйшы за чэмпіянат Еўропы ажно на 44 гады. Але, напрыклад, Афрыка цалкам і поўнасцю аддае перавагу сваім зборным і лічыць, што каб узровень жыцця быў вышэйшы, то і дружыны гэтак званага «Чорнага кантыненту» задавалі б тон у футбольным свеце.

Даведка

Канечне, у сучасным выглядзе гэты від спорту рушыў да сучаснасці менавіта з Англіі, але менавіта амерыканскі кантынент даў старт правядзенню буйных міжнародных камплектных спаборніцтваў.

Першае афіцыйнае сусветнае першынство адбылося ў 1930-м годзе, то дэбютны чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі быў згуляны яшчэ ў 1916-м. Турнір прайшоў у Аргентыне, а ягоным пераможцам стаў Уругвай. Менавіта ўругвайцы выгулялі і першы чэмпіянат свету, які праводзіўся ў іх краіне, перамогшы ў фінале Аргентыну з лікам 4:2.

Падстава для такіх разважанняў узнікла менавіта таму, што Еўра, якое ад самага першага турніру ў 1960-м праводзіцца строга раз на чатыры гады, сёлета перакрыжоўваецца з Кубкам Амерыкі, тэрміны якога выглядаюць значна больш хаатычна. Напачатку турнір пад эгідаю CONMEBOL (Confédéración Sudaméricana de Fútbol) гуляўся штогод, потым то праз два гады, то праз тры, чатыры, а аднойчы – ад 1929 да 1935 гадоў – паўза ахапіла нават шэсць сезонаў. Папярэднія два Кубка Амерыкі адбыліся ў Бразіліі ў 2019-м ды 2021-м гадах (апошні выгуляла Аргентына, якая ў фінале была наймацнейшай за гаспадароў з лікам 1:0). Але раней перапынак быў у тры гады – у 2016-м спаборніцтвы прынялі ЗША. Злучаныя Штаты сталі ўладальнікамі і сёлетняга чэмпіянату Амерыкі пасля таго, як адмовіўся Эквадор. А, напрыклад, наступны амерыканскі чэмпіянат запланаваны на 2028-ы год. Той турнір у другі раз у гісторыі пасля 1999-га аддадзены Парагваю. То бок, зноў Кубак Амерыкі адбудзецца ў адзін год з чэмпіянатам Еўропы, які праз чатыры гады прымуць краіны Злучанага Каралеўства. Хаця канкрэтныя тэрміны парагвайскіх бітваў яшчэ не вызначаныя.

Але, як бы там ні было, дзейны чэмпіён свету зараз рэпрэзентуе менавіта Паўднёвую Амерыку. Гэта – Аргентына. А за ўсю гісторыю правядзення мундыяляў найбольш тытулаў – пяць – у Бразіліі. Ды яшчэ двойчы яна станавілася фіналістам. Больш таго, гэта адзіная зборная, якая ўдзельнічала ўва ўсіх чэмпіянатах планеты. І, вяртаючыся да вышэйнапісанага, зноў жа сцверджу, што менавіта ўзровень жыцця і ўменне дапасаваць яго да развіцця футболу, зрабіць з гэтага сапраўдны бізнес і піяр, ёсць вызначальнымі ў поспехах прадстаўнікоў тых ці іншых кантынентаў. Напрыклад, 44-гадовы легендарны бразільскі экс-футбаліст Раналдынню выступіў з рэзкай крытыкай у адрас зборнай Бразіліі за тое, што яна здолела ўсяго толькі ўнічыю 1:1 згуляць з дружынаю ЗША ў таварыскім двубоі.

«Гэта, бадай, адная з найгоршых каманд за апошні час. У ёй няма гульцоў, якія могуць стаць лідарамі. Адсутнасць любові да футболкі зборнай, цвёрдасці духу… Не, я не буду сачыць за матчамі Бразіліі на Кубку Амерыкі і святкаваць перамогі».

Нічога сабе рэклама для турніру і для «пэнтакампеонаў» канкрэтна. Але хтосьці падтрымаў легенду, а для кагосьці гэта стала нечаканасцю. Бо раней Раналдынню ніколі не рабіў падобных заяваў. Але, як высветлілася пазней, гэта была такая выклік-рэклама, у чым сам экс-футбаліст і прызнаўся, выступіўшы з тлумачэннямі:

«Крытыка ў бок бразільскай зборнай была часткаю рэкламы кампаніі Rexona. Я б ніколі не здрадзіў бразільскаму футболу, – напісаў Раналдынню. – Вытворца дэзадарантаў акурат запусціў спецыяльную кампанію, мэтай якой зʼяўляецца падтрымка бразільскіх футбалістаў».

Але былы футбаліст у выніку не адхрысціўся ад таго, што праблема існуе і выкарыстаў у рэкламе меркаванні і каментары заўзятараў з сацыяльных сетак.

Вельмі крэатыўна і, несумненна, сур’ёзны выклік еўрапейскім піяр-кампаніям.

Перад стартам абодвух турніраў – Еўра і COPA America – знакаміты аргентынец Льонэл Мэсі ўступіў у завочную спрэчку з лідарам зборнай Францыі Кільянам Мбапэ з нагоды таго, што наймацнейшае: чэмпіянат Еўропы ці чэмпіянат свету. Мбапэ лічыць, што мундыяль выгуляць прасцей, чым чэмпіянат Еўропы (Францыя не перамагала на сваім кантыненце ад 2000-га года). На што Мэсі па-філасофску парыраваў: «Кожны шануе той турнір у першую чаргу, у якім гуляе. Кільян казаў, што ў паўднёваамерыканскіх камандаў няма такой канкурэнцыі, як у еўрапейцаў? Канечне, чэмпіянат Еўропы вельмі важны, але ў ім не гуляе трохразовы чэмпіён свету Аргентына, пяціразовы – Бразілія, і двухразовы – Уругвай. Занадта шмат чэмпіёнаў свету за бортам, каб адзначаць, што Еўра – самы складаны турнір, ці не праўда? Таму тут усё проста: кожны хоча выгуляць свой чэмпіянат».

Яшчэ адной перашкодай для таго, каб пільна сачыць за Кубкам Амерыкі па футболе для нас, еўрапейцаў, зразумела зʼяўляецца розніца ў часе. Першы матч, у якім Аргентына падужаецца з Канадаю на тым кантыненце адбудзецца 20 чэрвеня, калі ў нас будуць ужо новыя содні. Але нават у дзве гадзіны ночы хаця б стартавы матч паралельнага і ні ў якім разе не слабейшага за Еўра турніру паглядзець варта. І так, разам, да пераможнага канца. Абодва чэмпіянаты фінішуюць 14 ліпеня.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў