Інфляцыя ў Беларусі паступова запавольваецца. Прычынай таму можа быць уплыў на рэгуляванне цэнаў, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краінаў Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР). Аднак узмацненне спажывецкага попыту і паслабленне беларускага рубля могуць разагнаць яе да канца года.
Эксперты ЕАБР адзначаюць, што інфляцыя ў Беларусі ў траўні запаволілася да 3,7 %, калі ў красавіку яна складала 4,7 %.
«Зніжэнне тэмпаў росту цэнаў адлюстроўвае нізкую інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў у сегменце прадуктаў харчавання і нехарчовых тавараў. Шмат у чым гэта звязанае з захаваннем уплыву адміністрацыйнага кантролю за цэнамі», – кажуць эксперты.
Аднак прагноз гадавой інфляцыі для Беларусі ў ЕАБР несуцяшальны. Паводле іх разлікаў, яна складзе 7,8 % у канцы года.
Росту інфляцыі можа спрыяць узмацненне спажывецкага попыту і эфекты ад паслаблення нацыянальнай валюты.
Алена Рувіна belsat.eu