Уварванне Расеі ва Украіну неўзабаве можа выклікаць сусветны харчовы крызіс, які можа доўжыцца гадамі, папярэдзіла ААН.
Генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш заявіў, што вайна пагоршыла харчовую бяспеку ў бедных краінах з-за росту коштаў, паведамляе BBC.
Некаторыя краіны могуць сутыкнуцца з доўгатэрміновым голадам, калі экспарт Украіны не будзе адноўлены да даваеннага ўзроўню, дадаў ён.
Канфлікт спыніў пастаўкі з партоў Украіны, якія калісьці экспартавалі велізарныя аб’ёмы алею, а таксама збожжавыя культуры, такія як кукуруза і пшаніца. Гэта скараціла глабальную прапанову і выклікала рост коштаў на альтэрнатывы. Сусветныя цэны на прадукты харчавання амаль на 30% вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года, па дадзеных ААН.
Выступаючы ў сераду ў Нью-Ёрку, Гутэрыш сказаў, што канфлікт – у спалучэнні з наступствамі змены клімату і пандэміі – «пагражае скідаць дзясяткі мільёнаў людзей праз край у адсутнасць харчовай бяспекі, а затым недаяданне, масавы голад і голад».
«Цяпер у нашым свеце дастаткова ежы, калі мы будзем дзейнічаць разам. Але калі мы не вырашым гэтую праблему сёння, мы сутыкнёмся з прывідам глабальнага недахопу ежы ў бліжэйшыя месяцы», – дадаў ён.
Ён папярэдзіў, што адзіным эфектыўным выхадам з крызісу зʼяўляецца рэінтэграцыя ўкраінскай вытворчасці прадуктаў харчавання, а таксама ўгнаенняў, якія вырабляюцца як Расеяй, так і Беларуссю, назад на сусветны рынак.
У эфіры «Белсату» кіраўнік Усеўкраінскай аграрнай рады Андрэй Дзікун адзначыў, што праз заблакаваныя ўкраінскія парты краіна не можа нічога экспартаваць, а чыгунка знаходзіцца цяпер у вельмі складаным стане:
«Будзе вялікая праблема, пра якую сусвет нават не падазрае. ААН не хоча пра гэта гаварыць, а пра гэта варта гаварыць ужо ў лічбах. Бо яны ўсе прыўкрасна разумеюць, колькі харчу не будзе пастаўлена харчу ў гэтым годзе, у будучым годзе. Трэба канкрэтна называць краіны, у якіх людзі будуць паміраць. Не хочуць пра гэта казаць таму, што пачнецца масавая міграцыя з гэтых краінаў. Людзі будуць бегчы ад голаду, а ніхто не хоча сеяць паніку».
Ён мяркуе, што катастрофа будзе такой, якую свет яшчэ не бачыў, і таму Кітаю, Індыі і іншым краінам трэба не столькі абʼяднацца супраць Пуціна, колькі абʼядноўвацца супраць сусветнага голаду.
Марыя Мурашка, belsat.eu