Дзяржаўны памежны камітэт паведамляе пра некалькі выпадкаў прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці беларусаў, якія працягваюць захоўваць дроны насуперак указу Аляксандра Лукашэнкі.
17 красавіка лідскія памежнікі «падчас рэалізацыі аператыўнай інфармацыі» знайшлі на месцы жыхарства грамадзяніна Беларусі самароблены коптэр, а таксама запасныя акумулятарныя батарэі. Жыхар прымежнага паселішча Беняконі Воранаўскага раёну растлумачыў, што ў далейшым збіраўся прадаць дрон. Супраць мужчыны распачалі адміністратыўны працэс.
18 красавіка за 7,5 км ад дзяржаўнай мяжы ў Кавалеўшчыне Воранаўскага раёну былі затрыманыя двое грамадзянаў Беларусі. Пры сабе яны мелі беспілотны лятальны апарат самалётнага тыпу, ноўтбук, блок для антэны, цеплавізар і акумулятарныя батарэі. Беспілотнік ды іншую апаратуру сканфіскавалі, а ў дачыненні затрыманых распачалі адміністратыўны працэс.
Нагадаем: 25 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, паводле якога ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў дазваляецца толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам дзеля іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці. Фізічным асобам мець дроны забараняецца. Указ цалкам набыў моц 1 красавіка 2024 года.
Глеб Нержын belsat.eu