У выніку расейскага ўварвання была знішчаная інфраструктура на агульную суму больш за $ 100 млрд. Пра гэта паведаміў «Reuters» міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.
«Практычна ўсе складнікі нашай транспартнай інфраструктуры ў той ці іншай форме пацярпелі», – заявіў міністр.
Паводле Кубракова, ад 20-30 % усёй інфраструктуры мае розную ступень пашкоджанняў і розны ўзровень разбурэнняў. Агульныя страты ацэньваюцца ў больш чым $ 100 млрд.
Міністр заявіў, што больш за 300 мастоў былі разбураныя або пашкоджаныя, звыш за 8000 км дарогаў патрабуюць рамонту. Разбураныя таксама дзясяткі чыгуначных мастоў.
«Калі казаць пра дарогі, масты і жылыя дамы, то я лічу, што амаль усё можна адбудаваць за два гады… калі ўсе будуць працаваць хутка», – сказаў ён.
Аднаўленне інфраструктуры ў некаторых раёнах, вызваленых ад расейскай акупацыі, ужо пачалося, дадаў Кубракоў.
РР belsat.eu