Сусветны банк заявіў, што Беларусь пратэрмінавала плацяжы ў крэдытах, выдадзеных Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР). Для ўсіх пазыкаў пастаўлены статус непрацоўных. Раней МБРР прыпыніў выдачу крэдытаў Беларусі.
«Гэтая дзея была зробленая ў адпаведнасці з вызначанай працэдурай Сусветнага банку, згодна з якой усе крэдыты МБРР, дадзеныя краіне або гарантаваныя краінай, робяцца непрацоўнымі, калі выплата ў любым крэдыце пратэрмінаваная больш як шэсць месяцаў», – заявілі ў Сусветным банку.
Паводле дадзеных Сусветнага банку, на 14 кастрычніка сума пратэрмінаваных выплатаў Беларусі склала каля $ 68,43 млн. Непагашаная асноўная сума ў пазыках МБРР складае $ 967 млн, ці 0,42 % ад агульнай сумы непагашаных сродкаў у пазыках МБРР.
Сёлета ў сакавіку Сусветны банк абвясціў спыненне ўсіх сваіх праграмаў у Беларусі ў сувязі з падтрыманнем краінай расейскай агрэсіі супраць Украіны. Новыя крэдыты для Беларусі не ўхваляліся з траўня 2020 года.
Раней міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолт для чатырох выпускаў беларускіх еўрааблігацыяў. Гэта сталася праз пастанову ўраду плаціць інвестарам у рублях. Фармальна гэта парушэнне кантракту, у якім пазначаная валюта разлікаў.
Алена Рувіна belsat.eu